В Докшицком районе наблюдается снижение преступности

img_0158Чацвёртага сакавіка вартавыя правапарадку адзначаюць сваё прафесійнае свята. Апошнім часам назіраецца тэндэнцыя да зніжэння злачыннасці. Гэтаму ў значнай ступені спрыяюць і актыўная прафілактычная дзейнасць міліцыі, і своечасовае рэагаванне на змяненне аператыўнай сітуацыі. Пра тое, якіх вынікаў дасягнуў райаддзел міліцыі ў дзейнасці па ахове грамадскага правапарадку, абароне жыцця і маёмасці грамадзян, паведаміў начальнік РАУС падпалкоўнік міліцыі Сяргей Каралевіч (на здымку).

– Сяргей Мікалаевіч, якая крымінагенная сітуацыя назіраецца ў раёне?
– Па выніках дзейнасці за 2018 год было зарэгістравана 184 злачынствы па лініі ўсіх службаў, што на 20 менш, чым у 2017 годзе. Па лініі крымінальнага вышуку гэта лічба амаль не змянілася і склала 125 злачынстваў. Назіраецца скарачэнне дарожна-транспартных здарэнняў з 13 да 11. Колькасць пацярпелых у іх таксама зменшылася з 14 да 10. Не было дапушчана забойстваў, гвалтаў, разбояў, цяжкіх цялесных пашкоджанняў. За два месяцы бягучага года назіраецца скарачэнне злачыннасці на 81,6 працэнта: сёлета з пачатку года зарэгістравана ўсяго сем злачынстваў. Летась на гэты час было 38.
– Якія злачынствы з’яўляюцца найбольш характэрнымі для нашага раёна?
– Як і раней, найбольш здзяйсняецца кра­дзяжоў, асабліва ў сельскай мясцовасці. Апошнім часам сталі красці з пластыкавых картак. За два месяцы бягучага года было зарэгістравана пяць падобных злачынстваў. Разам з тым агульная колькасць крадзяжоў знізілася з 16 да трох у адпаведнасці з аналагічным перыядам 2018 года. Апошні буйны кра­дзеж адбыўся ў пельменнай “Лепім самі”. Мы неаднаразова накіроўвалі прадстаўленні адміністрацыі райста абсталяваць пэўныя аб’екты спажывецкай кааперацыі неабходнымі відамі аховы, але безвынікова. Зараз ідзе адміністрацыйны працэс па пяці фактах невыканання прадстаўленняў. У мінулым годзе падобная сітуацыя адбылася ў ААТ “Бягомльскае”: там таксама не было выканана прадстаўленне аб неабходнасці вартавой аховы ў складскім памяшканні. У выніку быў здзейснены нераскрыты крадзеж, а значыць, шкода не была кампенсавана. За невыкананне прадстаўлення кіраўніцтва прадпрыемства было прыцягнута да адказнасці. Пэўна, каб дадзеная маёмасць была ўласнай, то і клопат быў бы адпаведны. А дзяржаўнае не беражом.
Летась было выяўлена 13 прэвентыўных злачынстваў. І гэта заслуга ў большасці сваёй участковых. Прытрымліваюся думкі, што яны павінны асноўную частку свайго працоўнага часу праводзіць на ўчастку, бо толькі ў такім выпадку прафілактычная работа будзе больш якаснай. Пад пільным кантролем знаходзяцца раней судзімыя і непрацуючыя грамадзяне. На прафілактычным уліку ў РАУС зараз зарэгістравана 186 асоб. Прыцягваем да супрацоўніцтва і іншых суб’ектаў прафілактыкі, у першую чаргу, прадстаўнікоў сельскага Савета. Найбольш вынікова працуюць старшы ўчастковы інспектар маёр міліцыі Аляксандр Піскуновіч, участковы капітан міліцыі Дзмітрый Спічонак. Радуе, што на змену прыходзіць дастойная моладзь. Малодшыя ўчастковыя інспектары старшы сяржант міліцыі Канстанцін Юхнавец і сяржант міліцыі Іван Хілько яшчэ толькі пачынаюць, але ўжо маюць вынік.
Трэба сказаць, што летась не было зарэгістравана злачынстваў, здзейсненых падлеткамі. І гэтаму нямала садзейнічала правядзенне розных прафілактычных акцый і мерапрыемстваў, накіраваных на прапаганду здаровага ладу жыцця, а таксама інфармацыйная дзейнасць па тлумачэнні мер адказнасці за здзейсненыя правапарушэнні. Узмацнілася работа і па павышэнні бяспекі ва ўстановах адукацыі раёна. Напрыканцы лютага была праведзена сумесная з РАНС праверка кантрольна-прапускнога рэжыму, у ходзе якой выяўлены пэўныя парушэнні. Акрамя гэтага, прайшла нарада з работнікамі РАНС і аддзела па адукацыі, падчас якой былі акрэслены мерапрыемствы па павышэнні бяспекі ва ўстановах адукацыі.
– Добрыя вынікі працы – гэта, несумненна, заслуга ўсяго калектыву. Работу якіх супрацоўнікаў можаце адзначыць?
– Добра сябе зарэкамендавалі оперупаўнаважаныя маёр міліцыі Ігар Дзягцяр і старшы лейтэнант міліцыі Аляксандр Карпека, інспектар групы па грамадзянстве і міграцыі Юлія Таляронак, старшы інспектар групы тылавога забеспячэння маёр міліцыі Мікалай Масевіч, памочнік дзяжурнага аператыўна-дзяжурнай службы старшы прапаршчык міліцыі Віктар Аўдзееў, інспектар ДАІ лейтэнант міліцыі Уладзімір Карніловіч. Да падбору кадраў адносімся вельмі сур’ёзна. Дзякуючы прафарыентацыйнай рабоце мы маем восем кандыдатаў на паступленне ў Акадэмію МУС. Хочацца верыць, што праз некалькі гадоў яны вернуцца да нас. Работу па ўкамплектаванні калектыву будзем працягваць і далей.
Напярэдадні Дня міліцыі ўсім калегам жадаю, у першую чаргу, здароўя, а таксама ўпэўненасці ў сваіх сілах, стойкасці духу і аператыўнай удачы, сямейнага дабрабыту, цярпення і паразумення ад родных.
Таццяна САКОВІЧ.
Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *