Юная артистка растет в Докшицах

img_4013Вучаніца 4 “А” класа Насця Навумчык вядомая ў СШ № 1 г. Докшыцы сваёй актыўнасцю. Напэўна, няма такой справы, якой бы не зацікавілася гэта дапытлівая дзяўчынка.
– І ў вучобе, і ў працы, і ў адпачынку – яна заўсёды не толькі стараецца быць лепшай, але і вядзе іншых за сабой, – гаворыць класны кіраўнік Алена Вахавіч. – Клас наш вельмі дружны. Дзеці заўсёды прыслухоўваюцца адзін да аднаго, з задавальненнем дапамагаюць адзін аднаму. Галоўнае ў іх адносінах – дабрыня і спагада, а ў такой сяброўскай атмасферы і любая справа ладзіцца. Нягледзячы на тое, што ў класе некалькі лідараў, дзеці заўсёды знаходзяць агульную мову, бо бачаць у аднакласніках не сапернікаў, а верных таварышаў. Яны вучацца не зайздросціць поспехам суседа па парце, а імкнуцца стаць такімі ж, як напрыклад, пуцяводная зорка Насця. Нездарма яе ў класе абралі камандзірам атрада “Зорачка”.
Выдатніца ў вучобе, яна кожны год адстойвае гонар школы на прадметных алімпіядах па беларускай і рускай мовах. Займае пераможныя месцы ў конкурсах чытальнікаў. Пасля школы спяшаецца на заняткі ў музычную школу, дзе вучыцца іграць на фартэпіяна. Там жа спявае ў фолк-групе “Пацеркі”. З задавальненнем наведвае дзяўчынказаняткі па катэхезе ў касцёле Святой Тройцы. Акрамя гэтага, займаецца яшчэ дэкаратыўна-­прыкладной творчасцю ў раённым Цэнтры дзяцей і моладзі – шые мяккія цацкі.
Але, напэўна, з усіх інтарэсаў больш за іншыя яна вылучае тэатр. З ім яе пазнаёміла мама – артыстка Докшыцкага народнага тэатра Святлана Шышла. Таму дзяўчынка займаецца і на тэатральным аддзяленні ДШМ. Развіццё артыстычных здольнасцей дапамагае ёй добра спраўляцца з роляй вядучай не толькі школьных, але і раённых мерапрыемстваў, што пацверджана Дыпломам за першае месца ў аглядзе-конкурсе мастацкай самадзейнасці “Юныя таленты” ў намінацыі “Тэатральная творчасць – мастацкае слова”. Яе майстэрства дэкламацыі таксама было адзначана і на абласным этапе конкурсу “Добры дзень, свет!” – у намінацыі “канферанс” чытальніца ўзнагароджана Дыпломам ІІІ ступені. На раённым фестывалі міжкультурных камунікацый Насця была японкай, і так удала, што зноў стала пераможцай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *