Найти подход к каждому клиенту стремятся в парикмахерской «Красотка» города Докшицы

dscn4394Большасць з нас звыклы мінімальны догляд за тварам,  рукамі і нагамі робіць самастойна, да спецыялістаў звяртаецца ў выключных выпадках, калі ў гэтым ёсць неабходнасць. А вось каб прывесці ў парадак валасы, зрабіць стрыжку, прычоску не толькі да свята, а ўвогуле для ўпэўненага і камфортнага самаадчування, мы ідзем у цырульню.  Дзеці і падлеткі, мужчыны і жанчыны розных узростаў і прафесій звяртаюцца за паслугай, каб выглядаць ахайна і прыгожа. У гэтым пераканалася, наведаўшы ў адзін з апошніх жнівеньскіх дзён цырульню “Красотка”, якая размясцілася на першым паверсе “Універмага”.

Па словах майстра Наталлі Кухарэнка, такі ажыятаж выкліканы, у першую чаргу, набліжэннем новага навучальнага года, хаця і ў іншы час не намнога спакайней. Усе хочуць выглядаць годна і ў адпаведнасці з дзеяй: і школьнікі, і бацькі, і бабулі з дзядулямі. Асабліва тыя, хто павядзе на школьную лінейку першакласнікаў. Гэта ўжо дадатковая, так сказаць, інфармацыя, з размовы цырульніка і кліента. Прычым па ёй жа становіцца зразумела: некаторыя прыйшлі менавіта да свайго майстра, папярэдне запісаўшыся.
Фіксаванага перапынку ў рабоце цырульнікаў няма. Наведвальнікі ёсць пастаянна: калі без запісу, дык проста па магчымасці, “на авось”. Напрыклад, працэс афарбоўкі валасоў можа заняць ад дзвюх да пяці гадзін — залежыць ад складанасці. Вось у пэўны прамежак гэтага часу майстар можа ўдзяліць увагу другому кліенту, якому, напрыклад, трэба падраўняць кончыкі локанаў. Кожнаму дзяўчаты ветліва адкажуць, прапануюць магчымы варыянт.
— Лепш, канешне, загадзя патэлефанаваць і запісацца, тым больш перад святам, — кажа Наталля, сядаючы побач на канапу, калі з’явілася вольная хвілінка, — а ў нас адзін майстар у водпуску, у другога чарга яшчэ і на манікюр.
— Чаму менавіта прафесія цырульніка? Гэта ж увесь дзень на нагах, часам і прысесці няма калі, — пытаюся.
— Дакладна не адкажу, толькі пра гэта я не думала. Здавалася, што быць цырульнікам – гэта лёгка, прыгожа. Таму пасля школы паступіла ў Вілейскае вучылішча, дзе ўжо на другім курсе мы стрыглі наведвальнікаў цырульні пры навучальнай установе.
Тут ужо наступіў час змываць фарбу з валасоў кліенткі, і прыйшлося спыніць размову, бо пад шум вады і фена нязручна гаварыць. Тым больш, што Наталлі трэба было ўдзяліць увагу жанчыне і вызначыцца з далейшымі дзеяннямі.
У дзверы зазірнуў мужчына і запытаўся наконт стрыжкі. Яму прапанавалі зайсці праз гадзіну: незадоўга да гэтага хтосьці па тэлефоне адмовіўся ад запісу. Чалавек на гэта вельмі абурыўся і незадаволена стукнуў дзвярыма. Было відаць, што мужчыне хацелася пастрыгчыся тут і цяпер. Але ж яму тактоўна, зразумела ўсё растлумачылі, прапанавалі варыянт, з якім ён можа згадзіцца або не. Прычым тут цырульнік? Навошта абрушваць свой негатыў на ні ў чым не вінатавых людзей?
— Такое здараецца. А бывае, нам так здаецца, што некаторыя прыходзяць спецыяльна тады, калі ў іх дрэнны настрой. Гэта накшталт шопінгу як антыдэпрэсанта. Нават падчас запісу па тэлефоне здараюцца выпадкі, якія не паддаюцца тлумачэнню. Напрыклад, нядаўна кліентцы прапаноўвалі некалькі варыянтаў: дзень і час, калі майстар свабодны. Два разы ў яе не атрымлівалася, а на трэці – проста не спадабаўся дзень. Так і не дамовіліся.
— А не пытаюцца, ці “лёгкая рука” ў цырульніка?
— Ведаеце, — кажа майстар у адказ на мой жарт, — нас вучылі рабіць правільны зрэз, запэўнівалі, што гэта адна з умоў хуткага або маруднага росту валасоў, удалай стрыжкі. Цяпер, з вопыту, магу сказаць, што ўсё ўплывае. Ёсць людзі, якія, шукаючы “свайго” майстра, наведаюць некалькі цырульняў, пастрыгуцца ў розных спецыялістаў. А ўжо потым спыняюцца і звяртаюцца да аднаго. Усё індывідуальна. Кожны выбірае тое, што падабаецца.
Атрымліваць задавальненне ад сваёй працы – гэта так здорава. А калі яшчэ бачыць, што яе вынік радуе іншага… Вось і Наталля заўсёды стараецца і імкнецца, каб кліент, паглядзеўшы ў люстэрка, застаўся задаволены сваім адбіткам. Давялося паназіраць, як майстар рабіла стрыжку чарговай наведвальніцы. У жанчыны былі кароткія валасы, цяпер яны адраслі і прычоска не мела формы. На мэце было жаданне адрасціць локаны. Наталля Кухарэнка ўважліва выслухала кліентку, растлумачыла, што і як яна збіраецца рабіць. Пасля ўсіх маніпуляцый з расчоскай, нажніцамі і фенам жанчына змянілася на вачах і была вельмі задаволеная вынікам – пажаданні выкананы.
— Пасля такіх момантаў і самой становіцца прыемна і радасна. Нібы атрымліваеш своеасаблівы зарад пазітыву і жадання працаваць над стварэннем новага вобразу. І з яшчэ большым натхненнем сустракаеш чарговага наведвальніка.
У цырульню зайшла мама з малым, якому дзесьці каля двух гадоў, і сынам-школьнікам. Яна хацела запісаць на стрыжку старэйшага, галава якога пасля лета патрабавала ўпэўненай рукі майстра. Сітуацыя для тэатральнай мізансцэны: цырульнік размаўляе з жанчынай, за спінай у якой стаіць хлопец і на пытанні “як стрыгчы?”, “якой даўжыні пакідаць чуб?” і падобныя стараецца даць адказ кіўком галавы. Прычым гэтыя адказы поўнасцю супрацьлеглыя пажаданням маці.
— Вось так. Асабліва з падлеткамі, якія хочуць мець модную стрыжку. А цяпер гэта доўгі чуб і коратка падстрыжаная патыліца. Прыходзіцца шукаць кампраміс, каб і маме спадабалася, і малады чалавек быў задаволены, — каменціруе Наталля сітуацыю.
— Ці часта прадстаўнікі моцнай паловы чалавецтва звяртаюцца за паслугамі ў цырульні?
— На жаль, стала стэрэатыпам, што толькі жанчыны, ва ўсялякім разе ў сваёй большасці, трацяць многа часу на прычоску, манікюр, педыкюр. Мужчыны, у асноўным, прыходзяць пастрыгчыся. Рэдка, але, бывае, пытаюцца пра магчымасць прывесці ў парадак пазногці і пафарбаваць валасы. Праўда, гэта прыезджыя людзі, не мясцовыя. Хаця заганнага ў тым, каб выглядаць ахайна і прыгожа, нічога няма. Ёсць жа адценні, блізкія да натуральных колераў.
Гэтым часам яшчэ адна задаволеная афарбоўкай наведвальніца любуецца сваім адлюстраваннем. Па яе словах, мала хто з майстроў можа справіцца з яе валасамі, а ў “Красотцы” знайшла “свайго”. Па размове Наталлі з кліенткай было зразумела: гэта сапраўды так.
— У людзей розныя валасы: ёсць мяккія і жорсткія, тонкія і тоўстыя. Усе яны па-рознаму ўкладваюцца, таму адна і тая ж стрыжка будзе выглядаць неаднолькава. А яшчэ трэба ўлічваць форму твару, — кажа майстар. – Калі прыходзіць чалавек, трэба яго выслухаць, прапанаваць сваё бачанне, абмеркаваць, што і як, і прыйсці да пагаднення, каб наведвальнік быў задаволены і захацеў прыйсці да нас зноў.
Гледзячы на дакладную, прафесійную работу Наталлі Кухарэнка, упэўнена, што так яно і будзе. Развітваючыся, была пераканана, што паслугі цырульнікаў заўсёды будуць запатрабаваныя, бо гэтыя спецыялісты дапамагаюць зарыентавацца ў свеце прыгажосці, выбраць тое, што па душы. Хай гэта будзе класічная акуратная стрыжка ў адным выпадку, а ў другім – модная яркая афарбоўка валасоў. Галоўнае, каб чалавеку было прыемна і камфортна ў новым вобразе.
Наталля ВАСЬКО.
НА ЗДЫМКУ: і кліентка, і майстар задаволены вынікам.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *