Наши в Китае
Наш зямляк Максім Голікаў нядаўна вярнуўся з Армейскіх гульняў 2019 у Кітаі і распавёў “Родным вытокам” пра сваю камандзіроўку.
Пачалося ўсё з таго, што камандзір роты заўважыў: Максім добра страляе. І гэта не дзіва, бо свою ваенную прафесію аператара БМП-2 хлопец набываў у вучэбцы ў Печах. Праз паўгода ён здаў іспыт і перавёўся ў Заслонава, а там прыняў удзел у адборы да міжнародных вайсковых спаборніцтваў.
У экіпажы БМП-2, акрамя наводчыка-аператара Максіма, значацца яшчэ камандзір і механік-кіроўца. Перш чым трапіць на міжнародныя спаборніцтвы, каманда экіпажа заняла першае месца ў паўночна-заходнім аператыўным камандаванні, пасля чаго адправілася на рэспубліканскі этап адбору. Там яны ўжо былі другімі, уступіўшы толькі курсантам Ваеннай акадэміі. Разам з яшчэ трыма экіпажамі атрымалі права прадстаўляць Беларусь на міжнароднай арэне.
Вайсковыя міжнародныя гульні — комплексныя спаборніцтвы паміж падраздзяленнямі ўзброеных сіл дзяржаў, праходзяць з 2015 года. Сёлета яны адбываліся на тэрыторыі 10 краін: Азербайджана, Арменіі, Беларусі, Ірана, Індыі, Казахстана, Кітая, Манголіі, Расіі і Узбекістана.
Усяго ад Беларусі ўдзельнічала 17 каманд. Каманда Максіма прымала ўдзел у конкурсе “Сувораўскі націск”, які адбыўся на кітайскім палігоне Корла, што ў Сіньцзян-Уйгурскім аўтаномным раёне. Сапернікамі беларусаў былі каманды з Расіі, Кітая, Ірана, Зімбабве і Венесуэлы. Каманды змагаліся ў індывідуальнай гонцы і эстафеце на трасе з перашкодамі. Нашы землякі занялі чацвёртае месца.
У Кітаі Максім прабыў месяц. Акрамя падрыхтоўкі да спаборніцтваў, салдаты гулялі ў футбол, хадзілі ў музей і знаёміліся з вайскоўцамі з іншых краін. Кітайцы паказаліся яму добразычлівым народам. Іх афіцэры, заўважыў Максім, вельмі лаяльна ставяцца да сваіх падначаленных. З Паднябеснай ён прывёз падарункі для родных і квадракоптар для сябе. На 400-500 даляраў, па яго словах, там можна жыць і ні ў чым сабе не адмаўляць.
Нягледзячы на тое, што Кітай Максіму спадабаўся, ён вырашыў не падпісваць кантракт на наступны год, бо ў хлопца зусім іншыя планы – стаць выратавальнікам.
Настасся ФЕШЧАНКА.
Фота з асабістага архіва.