Творческая встреча с белорусской романисткой Ольгой Маслюковой прошла в Докшицкой ДШИ имени Н. Соколовского

dscn4653Творчая сустрэча з беларускай раманісткай Вольгай Маслюковай, якую арганізавалі супрацоўнікі цэнтральнай раённай бібліятэкі, адбылася ў мінулую суботу ў Докшыцкай ДШМ імя Н. Сакалоўскага.

На пачатку мерапрыемства празаік расказала пра сябе, пра пачатак сваёй творчасці. Вольга Іванаўна – член Беларускага літаратурнага саюза “Полацкая галіна”, Міжнароднай асацыяцыі пісьменнікаў і публіцыстаў, а таксама Расійскага саюза пісьменнікаў. За дзесяць гадоў плённай работы ў скарбонцы аўтара два зборнікі апавяданняў і дзевяць раманаў пра каханне. Для першай кнігі “Мне дрэнна без цябе”, як і для іншых, прататыпам паслужылі людзі, якія сустракаліся ­пісьменніцы на жыццёвым шляху. Дарэчы, з творамі “Вір кахання”, “Ягор”, “Рай” у цемры”, “Скрадзенае шчасце”, “Я там, дзе ты” можна пазнаёміцца і ў раённай бібліятэцы. Акрамя гэтага, Вольга Маслюкова спрабуе сябе і ў напісанні дзіцячых твораў. Ужо выдадзены два зборнікі казак, па адной з якіх нават зняты мультфільм. Яго і паглядзелі ўдзельнікі сустрэчы. Не так даўно свет пабачыла новая дзіцячая кніга ў стылі фэнтазі “Неверагодныя прыгоды Сані і Дані”. Па трох апавяданнях віцябчанкі самадзейным тэатрам “Светач” пастаўлены спектаклі. Не так даўно празаік паспрабавала сябе яшчэ і ў паэзіі. Многія яе вершы пакладзены на музыку.
Шмат цёплых слоў у адрас Вольгі Іванаўны прагучалі ад старшыні Віцебскага аддзялення Саюза беларускіх пісьменнікаў Анастасіі Лазебнай (творчы псеўданім – Стася Наркевіч), якая таксама ўдзельнічала ў сустрэчы. Анастасія Пятроўна назвала Вольгу Маслюкову “віцебскай Данцовай”, расказала пра творчыя поспехі аўтаркі і падзякавала за мерапрыемства яго арганізатарам.
Прыемным аздабленнем літаратурнай імпрэзы сталі песні на словы Вольгі Маслюковай, якія ў запісе гучалі ў зале. Іх, не стрымаўшыся, падхапілі гледачы.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *