В Докшицком районе прошла спартакиада «Сельские игры»

img_1670У мінулыя выхадныя адбылася чарговая спартакіяда па летніх відах спорту сярод зборных сельскіх Саветаў раёна. Пераможцамі так званых “Вясковых гульняў” зноў сталі крулеўшчынскія аматары здаровага ладу жыцця. 

Адкрыў мерапрыемства старшыня раённага выканаўчага камітэта Алег Пінчук, які павіншаваў удзельнікаў са спартыўным святам і пажадаў перамогі наймацнейшым.
– Безумоўна, на вышыні алімпу апынецца толькі той, хто трэніраваўся і прыклаў да гэтага намаганні, – сказаў кіраўнік раёна. – Прыемна бачыць, што сярод удзельнікаў спартсмены рознага ўзросту. Гэта значыць, што сёння будзе сапернічаць калектыўны дух маладосці і сталасці. Невыпадкова абрана месцам правядзення гульняў тэрыторыя Парплішчанскай школы. Яна, як бачыце, з’яўляецца ўзорам добраўпарадкавання.
Кіраўнік раёна пажадаў спартсменам удалых стартаў, пераможных фінішаў, і спартыўнае свята пачалося. Яго адкрылі лёгкаатлетычныя спаборніцтвы: мужчыны і жанчыны ў розных узроставых катэгорыях мераліся сваімі здольнасцямі ў чаўночным бегу і скачках з месца ўдаўжыню. Некаторыя з тых, хто скакаў і бегаў, быў яшчэ і ў складзе валейбольных ці футбольных каманд, а таму хуценька прайшоўшы адно заданне, тут жа спяшаліся на другое. Як, напрыклад, Віталь Дударонак са зборнай Бягомльскага сельсавета, якому проста віртуозна ўдавалася мяняць валейбольны мяч на футбольны, перабягаючы з поля на поле. Асабістым прыкладам агітавалі за здаровы лад жыцця і старшыні сельвыканкамаў, якія таксама актыўна ўдзельнічалі ў спартакіядзе. Спецыяльна для іх былі арганізаваны спаборніцтвы па дартсе.
img_1645Халоднае кастрычніцкае надвор’е прымушала жвава рухацца не толькі ўдзельнікаў гульняў, але і іх заўзятараў, што тоўпіліся ля палаткі райста, у якой можна было і сагрэцца гарбатай, і пад’есці.
Выніковым выпрабаваннем стала перацягванне каната. І вось яна, доўгачаканая і самая прыемная частка спартакіяды – ушанаванне пераможцаў. Чэмпіёнаў лёгкаатлетычнага конкурсу ва ўзроставай катэгорыі “35+” вітала старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” Алена Тулоўская. Сярод жанчын ужо каторы год лідарства трымае Вольга Навіцкая. На другім і трэцім месцы адпаведна Наталля Дышлянкова і Таццяна Ярашэвіч, якая таксама ў пераможцах не ўпершыню. Знаёмыя прызёры мінулагодняй гульні і сярод сёлетніх пераможцаў-мужчын: залаты прызёр Яўген Палячонак у гэтым годзе саступіў першынства Сяргею Мажэю, дыплом трэцяй ступені ў Пятра Кацейкі.
Спартсменаў катэгорыі “да 35-ці” вітала першы сакратар РК ГА “БРСМ” Вікторыя Ждановіч. Сярод сёлетніх лідараў Настасся Кацейка, а таксама Маргарыта Дзеева, Анастасія Іваньковіч, Уладзіслаў Навіцкі, Іван Паульскі і Яўген Раманоўскі.
Падарункі ад раённага аб’яднання прафсаюзаў уручыла старшыня арганізацыі Ядвіга Шульгат Аляксандру Іваньковічу (першае месца), Мікалаю Трахініну (другое месца) і Пятру Кацейку (трэцяе месца).
img_2009Агульнакамандныя вынікі лёгкай атлетыкі падвяла старшыня раённага Савета дэпутатаў Валянціна Рандарэвіч, якая пажадала спартсменам новых перамог і ўручыла дыпломы прадстаўнікам Крулеўшчынскага, Парплішчанскага і Бягомльскага сельсаветаў (першае, другое і трэцяе месца адпаведна). Амаль тыя ж каманды прадэманстравалі зладжанасць і спрыт у перацягванні каната: перамаглі крулеўскія спартсмены, за імі – гульцы Парплішчанскага і Докшыцкага сельсаветаў. Аднолькавы лік па балах атрымаўся ў міні-футболе ў Крулеўшчынскага і Бягомльскага сельсаветаў, і толькі колькасць забітых галоў вырашыла, што перамаглі першыя. Трэцяй стала каманда Докшыцкага сельсавета. У валейболе лепшы вынік у сітцаўчан, за імі на п’едэстале парплішчане і бягомльцы.
Залаты кубак гульняў атрымала крулеўшчынская зборная. На другім і трэцім месцы – Бягомльскі і Парплішчанскі сельсаветы.

НА ЗДЫМКАХ: старшыня райвыканкама Алег Пінчук вітае ўдзельнікаў спартакіяды; каманда-пераможца з Крулеўшчыны; лепшая ў чаўночным бегу — Настасся Кацейка.
Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *