Берёзковская ДС-БШ ведёт активную жизнь

Без юных школьных артыстаў не абыходзіцца ніводнае свята ў Бярозках.

Без юных школьных артыстаў
не абыходзіцца ніводнае свята ў Бярозках.

Менавіта так можна ахарактарызаваць Бярозкаўскую дзіцячы садок – базавую школу. Актыўнасці яе педагагічнага і вучнёўскага калектываў можна толькі пазайздросціць. У раённых і абласных мерапрыемствах бярозкаўскія настаўнікі і вучні становяцца прызёрамі і пераможцамі. Вось і нядаўна прадстаўнікі гэтай установы адукацыі заваявалі першае месца ў спартыўна-масавым мерапрыемстве “Шкаліяда”, узняліся на вышэйшую прыступку п’едэстала на восеньскім лёгкаатлетычным кросе.
— У малакамплектных школах, – гаворыць в.а. дырэктара ўстановы Таццяна Лятэцкая, – як вядома, практычна адны і тыя ж хлопчыкі і дзяўчынкі бяруць удзел як у творчых, так і ў спартыўных мерапрыемствах, што, лічу, станоўча ўплывае на іх рознабаковае развіццё. Асаблівая ўвага ў нас надаецца развіццю фізічнай культуры. Вялікую работу ў гэтым накірунку вядзе малады настаўнік Яўген Раманоўскі, які вельмі адказна ставіцца да сваіх абавязкаў. Яго любяць дзеці. Удалы тандэм вучняў і настаўніка дае свой вынік у выглядзе перамог у спартакіядах. Сярод лепшых юных спартсменаў Яўген Каржэвіч, Данііл Зімянін, Дар’я Літоўка, Дар’я Паплёўка, Уладзіслаў Шынкевіч.
img_8898Сярод асноўных накірункаў дзейнасці вясковай установы адукацыі – сельскагаспадарчая праца. Для гэтага тут створаны ўсе патрэбныя ўмовы. На прысядзібным участку вырошчваецца гародніна, якой хапае на поўнае забеспячэнне школьнай сталовай прадуктамі. Лішкі ідуць на продаж. Напрыклад, ад рэалізацыі ўраджаю гэтага года было атрымана 520 рублёў. Таксама зарабляюць грошы на вырошчванні расады, аказанні паслуг па апрацоўцы прысядзібных участкаў канём, які ёсць у школе. Нядрэнны прыбытак атрымліваецца з яблыневага сада. Уся гэта дзейнасць дае магчымасць адмовіцца ад фінансавай дапамогі бацькоў вучняў падчас рамонту класных пакояў. За дзесяць месяцаў план пазабюджэтных даходаў выкананы на 100 працэнтаў.
Умеюць у школе і адпачываць. Традыцыйнымі можна назваць цікавыя паездкі па Беларусі падчас канікулаў. Мінулым летам вучні з настаўнікамі пабывалі ў Беларускім дзяржаўным музеі гісторыі Вялікай Айчыннай вайны, наведалі мемарыяльныя комплексы “Дальва” і “Хатынь”, Бярэзінскі біясферны запаведнік. Вельмі спадабалася экскурсія ў Бягомльскі музей народнай славы, куды ездзілі на восеньскіх канікулах. Весела і карысна бавілі час у водна-аздараўленчым цэнтры ў Докшыцах. Дарэчы, у планах наведваць басейн кожны месяц.
Цесна супрацоўнічае Бярозкаўская школа з мясцовым бібліятэкай-клубам. І гэта не толькі сумесныя мерапрыемствы да разнастайных свят. Вучні з задавальненнем удзельнічаюць у пасяджэннях аб’яднання па інтарэсах “Кнігалюбы”, актывістамі якога з’яўляюцца Ліяна Юрэвіч, Алена Сіняўская, Дамініка Аксючыц, Данііл Зімянін.

Тэкст і фота Яўгеніі МАЛЕВІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *