Ученики четвертых классов СШ №2 г. Докшицы посетили Полоцк

dsc05232Багатымі на разнастайныя цікавыя мерапрыемствы выдаліся восеньскія канікулы для чацверакласнікаў гарадской сярэдняй школы № 2. У адзін з лістападаўскіх дзён вучні разам з настаўнікамі адправіліся з экскурсіяй у Полацк.
Надвор’е, праўда, не зусім спрыяла для падарожжа, але не стала перашкодай для ажыццяўлення задуманага. Таму першым прыпынкам стаў Сафійскі сабор, дзе школьнікі ўбачылі фрэскі канца ХІ стагоддзя, адны з самых старажытных на тэрыторыі Беларусі. Вельмі ўразіў арган – музычны інструмент, пра які дзеці даведаліся, што ён складаецца з вялікай колькасці трубак рознай даўжыні: ад шасці метраў да 15 сантыметраў. Шкада, што пачуць арган можна толькі ў пэўныя дні.
Сфатаграфаваліся побач з неабсяжным валуном ля падножжа велічнага храма – Барысавым каменем. Лічыцца, што ён творыць сапраўдныя цуды і здольны вылечыць ад хвароб.
Наведванне Спаса-Ефрасіннеўскага манастыра дапамагло вучням усвядоміць значнасць асобы Ефрасінні Полацкай, якой было наканавана пакінуць адметны след у беларускай гісторыі. Заснавальніца храмаў, перапісчыца кніг, духоўная настаўніца, яна пражыла вялікае жыццё, асветленае ідэяй служэння людзям. Школьнікаў вельмі ўразіў Крыж Ефрасінні Полацкай, які з’яўляецца святыняй беларускага народа. Таксама яны змаглі пакланіцца мошчам святой.
Музей беларускага кнігадрукавання – яшчэ адзін прыпынак на маршруце падарожнікаў. Тут вучні пазнаёміліся з гісторыяй развіцця пісьменнасці – ад берасцяных грамат да сучасных кніг, з рэдкімі выданнямі, друкарскімі станкамі. У асобнай зале, прысвечанай рукапіснай кнізе, убачылі, як выглядалі самыя старажытныя беларускія кнігі, майстэрня манаха-перапісчыка. Нават паспрабавалі прачытаць тэкст на старонцы старажытнага падручніка.
Напрыканцы экскурсіі палюбаваліся велічнай скульптурай “Прысвячэнне роднаму слову”, якая ў вобразе жанчыны з кнігай і храмам сімвалізуе розныя этапы ў развіцці беларускай мовы.
Паездка атрымалася насычанай і пазнавальнай. Убачанае і пачутае яшчэ надоўга застанецца ў памяці вучняў і будзе карысным падчас вывучэння гісторыі сваёй Радзімы.

Наталля ВАСЬКО.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *