Не представляет свою жизнь без музыки Михаил Игнацкий с Берёзовки

Адметны музыкант Міхаіл Ігнацкі.

Адметны музыкант Міхаіл Ігнацкі.

Калі чалавек таленавіты, то ён таленавіты ва ўсім. Менавіта так можна сказаць пра Міхаіла Ігнацкага – загадчыка Бярозаўскага сельскага
клуба-бібліятэкі.

Гармонік, баян, акардэён, домбра, балалайка, клавішныя, духавыя… Мусіць, няма такога музычнага інструмента, які б быў не па сіле Міхаілу Пятровічу. Шлях у музыку пачаўся ў дзяцінстве, калі дзеля цікавасці першы раз узяў у рукі гармонік. Але гэтага хапіла, каб на ўсё жыццё звязаць сябе з гэтым прыгожым мастацтвам.
Пасля інтарэс толькі разгараўся. За гармонікам надышла чарга баяна, а потым гітары і піяніна. Яшчэ ў школе з сябрамі арганізавалі вакальна-інструментальны ансамбль. Закупілі апаратуру, інструменты. Двух аднакласнікаў навучыў іграць на ўдарных, на бас-гітары. З ансамблем амаль кожную суботу выязджалі на гастролі ў сельскія клубы.
Пасля заканчэння шко­лы не засталося ніякіх сумненняў у тым, што будучая прафесія будзе звязана толькі з музыкай, таму паступіў у музычнае вучылішча, якое скончыў, атрымаўшы спецыяльнасць “кіраўнік аркестра народных інструментаў”.
– У ваенным білеце проста напісалі “кіраўнік аркестра”, а якога менавіта не адзначылі. Дык у Віцебску за мяне амаль не біліся – усім патрэбны такі спецыяліст, – смяецца Ігнацкі.
У арміі асвоіў альт і кларнет. А праз дзесяць месяцаў стаў старшым
аркестра.
– Канешне, хацелася працаваць у аркестры народных інструментаў, – разважае музыкант. – Аднак яны былі толькі ў вялікіх гарадах і пасёлках, а лёс склаўся так, што я вярнуўся ў родную Бярозаўку.
Але ніколі не пашкадаваў пра гэта. Засмучае, праўда, тое, што жыхароў у роднай вёсцы з кожным годам застаецца ўсё менш.
– Калі прыйшоў з арміі ў 1984 годзе, у Бярозаўцы на той час пражывала амаль тысяча чалавек, – паглыбляецца ва ўспаміны Міхаіл Пятровіч. – Ды і на дыскатэкі прыходзіла столькі людзей, што прыходзілася крэслы з залы выносіць, каб вызваліць месца. Такім чынам танцавалі і ў самой зале, і ў фае. Памятаю, неяк два вяселлі ў адзін дзень спраўлялі, дык сабралася чатырыста пяцьдзясят чалавек. Вось гэта сапраўды было свята!
Больш за трыццаць пяць гадоў ён нястомна дорыць людзям свята. Сёння пад кіраўніцтвам Міхаіла Пятровіча працуюць вакальная дарослая група, дзіцячая студыя эстраднага вакалу “Світанак”, аматарскія аб’яднанні “Гаспадынька”, “Ля самавара”, “Умелыя ручкі”. У гэтым годзе плануецца дадаць яшчэ і гурток на базе музея вады, які быў заснаваны летась.
Нягледзячы на перыпетыі жыцця, якіх хапае ў кожнага чалавека, музыкант на ўсё глядзіць з пазітывам. На твары заўсёды ўсмешка.
– Гэта прафесійнае, – адзначае Міхаіл Пятровіч. – Усе свае асабістыя праблемы трэба пакідаць дома. Людзі павінны мець свята, і мы, работнікі культуры, за гэта цалкам адказваем.

Тэкст і фота Пятра Ромыслава.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *