В Бегомльской школе открыли бюст Герою Советского Союза С. С. Манковичу

На адкрыцці бюста героя (злева направа) дырэктар школы Пётр Гігель, Ніна Манковіч-Сычова, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак.

На адкрыцці бюста героя (злева направа) дырэктар школы Пётр Гігель, Ніна Манковіч-Сычова, намеснік старшыні райвыканкама Аксана Палачаніна, старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак.

У Бягомльскай СШ адбылося адкрыццё бюста Героя Савецкага Саюза Сцяпана Манковіча. На ўрачыстасць прыехала дачка героя Ніна Манковіч-Сычова.

Раней помнік арганізатару і камандзіру партызанскай брыгады “Жалязняк” знахо­дзіўся на яго радзіме – у вёсцы Беразіно, а мясцовая школа насіла яго імя. Калі ўстанова зачынілася, было вырашана перанесці бюст у Бягомль, на вуліцу імя Манковіча, і ўстанавіць яго на школьным двары. Імя Манковіча носіць і піянерская дружына Бягомльскай СШ.

– Сённяшняя падзея – гэта не толькі даніна памяці і павагі нашаму земляку, – адзначыў у сваім выступленні на ўрачыстасці старшыня райвыканкама Алег Кавалёнак. – Мерапрыемства можна назваць урокам мужнасці для юных грамадзян. Наш доўг – ­захаваць памяць пра мінулую вайну. У нас няма права забываць пра гераізм нашых дзедаў. Мы павінны быць дастойнымі іх ў сваіх справах і ўчынках, берагчы і захоўваць гістарычную праўду, шанаваць і памятаць кожнага.

Словы падзякі выказаў старшыня райвыканкама Ніне Сцяпанаўне Манковіч-Сычовай за вялікую дзейнасць, накіраваную на захаванне памяці пра свайго бацьку, за выдатны ўклад у патрыятычнае выхаванне дзяцей і моладзі. Калі пачалася вайна, Ніне Сцяпанаўне было восем гадоў. Але яна добра памятае ваенныя гады, бацьку, які быў пакінуты ў тыле ворага для арганізацыі падпольнай барацьбы. Пасля прарыву блакады сям’я Манковічаў разам з групай цяжкапараненых партызан была адпраўлена за лінію фронта. Пра ўсё гэта Ніна

Сцяпанаўна расказала ў сваім выступленні і падзякавала бягамльчанам за тое, што яны годна зберагаюць памяць пра Сцяпана Манковіча.
Ганаровае права адкрыць бюст Герою Савецкага Саюза С.С. Манковічу было прадастаўлена Алегу Кавалёнку, Ніне Манковіч-Сычовай і дырэктару школы Пятру Гігелю. Мітынг завяршыўся ўскладаннем кветак да помніка, пасля чаго ўдзельнікаў мерапрыемства запрасілі на сустрэчу з дачкой героя.

Яўгенія МАЛЕВІЧ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *