Звярнуліся да старшыні

Зваротам грамадзян у краіне надаецца значная ўвага выканаўчымі органамі ўлады, кіраўнікамі арганізацый, прадпрыемстваў.

У нашым раёне стала традыцыйным кожны першы панядзелак месяца праводзіць “прамыя лініі” са старшынёй раённага выканаўчага камітэта Алегам Леанідавічам Пінчуком.

Жыхары раёна і на мінулым тыдні выкарысталі магчымасць прамой размовы са старшынёй райвыканкама. На “прамую лінію” звярнуліся шэсць грамадзян нашага раёна. Пра што ішла размова падчас “прамой лініі” — запісала наш карэспандэнт.

Жыхарка г. Докшыцы Н.І. Юпатава паведаміла пра тое, што не ўсе жыльцы шматкватэрнага двухпавярховага дома № 6, што па вуліцы Ленінскай, могуць устанавіць газавае ацяпленне ў сваіх кватэрах. “Няўжо абавязкова ўсім яго праводзіць, ці можна падвесці толькі тым, хто жадае ацяпляць кватэру газам?” – пыталася яна. Старшыня райвыканкама патлумачыў, што, хто жадае, той мае права правесці, а калі няма такога жадання, то газ можна не падводзіць. І даручыў адказным асобам жыллёва-камунальнай і газавай гаспадаркі растлумачыць правілы падвядзення газу жыльцам названага дома.

Два пытанні паступіла ад П.А. Парцянкі, жыхара в. Несцераўшчына Тумілавіцкага сельсавета. Справа ў тым, што ў іх вёсцы не працуе сельскі клуб, не праводзяцца аніякія мерапрыемствы, у клубе патрэбны рамонт. Было даручана ў месячны тэрмін адрамантаваць клуб і наладзіць як патрэбна яго работу.

Пытаўся П.А. Парцянка і пра тое, чаму не рамантуюцца ў іх вёсцы вуліцы, якія адыходзяць ад цэнтральнай вуліцы, такія як Баравая, Школьная. З гэтай просьбай звяртаўся ўжо не раз да старшыні сельсавета, да дэпутата райсавета – яны абяцалі.
Адпаведным службам было даручана прагрэйдзіраваць вуліцы.

Жыхарка з в. Чырвонае Беразіно Докшыцкага сельсавета З.Х. Капчанкова пазваніла, каб расказаць, як яе добра абслужыла натарыус А.М. Няхай і як адмовілі ў просьбе вырабіць дзверы ў ДКУБП ПМК-52, бо, маўляў, не робяць замеры. Старшыня райвыканкама, нягледзячы на тое, што гэта ўсё ж такі асабістае пытанне грамадзянкі і яна павінна звяртацца туды, дзе такія паслугі аказваюцца, даручыў сваім намеснікам, каб праз КУП “Докшыцкі КБМ” гэтую паслугу грамадзянцы Капчанковай аказалі.

Жыхарка вёскі Стараселле Тумілавіцкага сельсавета І.Э. Мітрафанава пыталася, як можна замяніць або адрамантаваць старыя вокны ў доме, які належыць сельгасарганізацыі. Туды яна ўжо звярталася, але пытанне не вырашылася.
Садзеянне ці па замене, ці па рамонце вокнаў будзе аказана.

Прыём фельчара ў вёсцы Дзядкі Сітцаўскага сельсавета вядзецца ў хаце аднаго з жыхароў, бо не ацяпляецца ФАП. Вядома ж, нязручна, і хто хацеў бы, каб у яго хаце прымалі хворых. Таму на “прамую лінію” звярнуўся жыхар гэтай вёскі В.С. Аўласевіч і папрасіў, каб як-небудзь наладзіць работу ў будынку ФАПа.

Было дадзена даручэнне намесніку старшыні райвыканкама і галоўнаму ўрачу Докшыцкай ЦРБ разабрацца па гэтым пытанні і надалей арганізаваць работу ФАПа.

І.Я. Клімовіч з Барсукоў паведаміў, што ў 18-кватэрным жылым доме па вуліцы Школьнай часта адсутнічае вада. Звярталіся і да старшыні гаспадаркі, бо воданапорная вежа належыць сельгаскааператыву.

Старшыня райвыканкама даручыў разабрацца па дадзеным пытанні начальніку ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання. Як стала вядома, ужо распрацавана праектна-каштарысная дакументацыя для будаўніцтва новай свідравіны. Вышукваюцца 82 мільёны сродкаў на яе вытворчасць. У хуткім часе будзе зроблена ўцяпленне старой воданапорнай вежы.

Як бачна са зваротаў грамадзян, большасць з запытаў не знайшла вырашэння першапачаткова на месцы. Гэтая акалічнасць і вымусіла звярнуцца да старшыні райвыканкама. І, як вынік, вырашаць праблемы ўсё роўна прыйшлося.

Людміла ГІЛЬНІЧ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *