У райвыканкоме

На мінулым тыдні пад старшынством Алега Леанідавіча Пінчука прайшло чарговае пашыранае пасяджэнне раённага выканаўчага камітэта. На яго былі запрошаны старшыні пассельвыканкомаў, кіраўнікі службаў, арганізацый раёна, адказныя работнікі райвыканкома. Прыняў удзел у рабоце намеснік старшыні дзяржаўнага мытнага камітэта Л.С. Досаў.

Эканомія і беражлівасць

Па пытанні “Аб выкананні рашэння раённага Савета дэпутатаў ад 17 кастрычніка 2008 года № 68 “Аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне па рэалізацыі Дырэктывы Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 14 чэрвеня 2007 года № 3 “Эканомія і беражлівасць – галоўныя фактары эканамічнай бяспекі дзяржавы” і задачах мясцовых органаў улады, дэпутатаў усіх узроўняў, працоўных калектываў, грамадзян па ўмацаванні рэжыму эканоміі і мабілізацыі рэзерваў, якія маюцца” на сумесным пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта і прэзідыума раённага Савета дэпутатаў дакладвала намеснік старшыні райвыканкома Л.В. Мальчык. Яна адзначыла, што бесперапыннае забеспячэнне энергарэсурсамі спажыўцоў раёна вядзецца стабільна. У запатрабаваных аб’ёмах ажыццяўляецца водпуск электраэнергіі, газу, цяпла, паліва насельніцтву.

За справаздачны перыяд у межах праграмы энергазберажэння ўведзена ў эксплуатацыю “Спліт-сістэма” замест аміячных халадзільнікаў у Докшыцкім райста; зроблены рамонт даху памяшкання Музея народнай славы і бібліятэкі ў г.п. Бягомль; працягваецца капітальны рамонт сетак цеплазабеспячэння з заменай цеплатрас на прадэлізаваныя трубы ў г. Докшыцы, г.п. Бягомль, н.п. Крулеўшчына і г.д.

У сярэднім па раёне забяспечана выкананне паказчыкаў па эканоміі рэсурсаў, атрымана змяншэнне энергаёмістасці выпускаемай прадукцыі. Мэтавы паказчык па энергазберажэнні склаў мінус 4,4 % пры заданні мінус 10 %. Сярод 21 суб’екта гаспадарання, што не забяспечылі выканне мэтавага паказчыка, РУП ЖКГ “Докшыцкі камунальнік”, Докшыцкае райста, філіял ДРБУ № 180 КУП “Віцебскаблдарбуд”, аддзел унутраных спраў, шэраг сельгаспрадпрыемстваў.

Сабекошт рэалізаванай прадукцыі сельгаспрадпрыемстваў склаў 93,2 % пры росце выручкі 89,3 %. Атрыманы адмоўны ўзровень рэнтабельнасці рэалізаванай прадукцыі — мінус 1 %. Высокі ўзровень рэнтабельнасці малака, прываг буйной рагатай жывёлы ў КУВСГП “Сітцы”, КУСГП імя Чэрныша, СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” і некаторых іншых.

Маюць месца факты нездавальняючага ўтрымання артсвідравін, грамадскіх калодзежаў, падведамасных аб’ектаў і прылеглых тэрыторый шэрага сельгаспрадпрыемстваў, Докшыцкага райста.

Заслухаўшы дадзеную інфармацыю, Докшыцкі раённы выканаўчы камітэт, прэзідыум раённага Савета дэпутатаў прынялі адпаведную пастанову, у якой адзначылі недастатковую работу па рэалізацыі ў 2009 годзе, студзені —сакавіку 2010 года мерапрыемстваў Дырэктывы № 3 кіраўнікоў шэрага прадпрыемстваў: РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”, РУВСП племзавод “Порплішча”, ДКУБП “Докшыцкая ПМК-52” і некаторых іншых.

Вынікі работы ў першым квартале

На пасяджэнні раённага выканаўчага камітэта было разгледжана пытанне аб выніках работы народнагаспадарчага комплексу і выкананні бюджэту раёна ў студзені — сакавіку 2010 года. У справаздачы намесніка старшыні райвыканкома Л.В. Мальчык было адзначана, што ў першым квартале бягучага года забяспечана станоўчая дынаміка развіцця народнагаспадарчага комплексу раёна. Не дапушчана сур’ёзных перабояў у рабоце бюджэтнай сферы. Па выніках работы за студзень — сакавік 2010 года стратных арганізацый няма. Забяспечана выкананне заданняў па стварэнні рабочых месцаў, памяншэнні ўзроўню беспрацоўя, забяспечана выкананне графіка скарачэння запасаў гатовай прадукцыі.

Разам з тым, не выкананы ўстаноўленыя заданні па большасці прагнозных параметраў, за выключэннем імпарту тавараў і паслуг, уводу жылля. Не дасягнуты ўзровень зацверджанага задання па вытворчасці прамысловай прадукцыі, спажывецкіх тавараў, па рознічным тавараабароце, платных паслугах, валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі. На даведзеныя заданні па вытворчасці прадукцыі прамысловасці і спажывецкіх тавараў не выйшаў філіял РВУП “Віцебскхлебпрам” “Докшыцкі хлебазавод”. КУВП “Докшыцкі КБМ” не забяспечыў узроўню 2009 года па вытворчасці прамысловай прадукцыі. З 55 арганізацый, якія аказваюць платныя паслугі насельніцтву, не выканалі заданне 49. Заданне па вытворчасці валавой прадукцыі не выканала ні адно сельгаспрадпрыемства. У 8 арганізацыях не забяспечаны выхад на 200-доларавы ўзровень сярэднямесячнай заработнай платы. Заслухаўшы дадзеную інфармацыю намесніка старшыні райвыканкома і спытаўшы з кіраўнікоў арганізацый, якія не выконваюць прагнозных паказчыкаў, раённы выканаўчы камітэт прыняў адпаведнае рашэнне.

Сацыяльная абарона

Аб рабоце, якая праводзіцца ў раёне па сацыяльнай абароне ветэранаў і інвалідаў Вялікай Айчыннай вайны, сем`яў загінуўшых і адзінокіх састарэлых, гаварыў на пасяджэнні райвыканкома начальнік упраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне В.Ф. Малаш. Было адзначана, што ў раёне штогод праводзіцца пэўная работа па сацыяльнай абароне вышэйпералічанай катэгорыі насельніцтва. На сённяшні дзень у раёне пражываюць 9140 грамадзян, узрост якіх большы за працаздольны. З іх 191 ветэран Вялікай Айчыннай вайны, 19 сем`яў загінуўшых, 925 адзінокіх і 4741 адзінокапражываючы.

У першым квартале было праведзена абследаванне ўсіх пералічаных катэгорый грамадзян. З 91 звароту, што паступілі ў бягучым годзе, выканана 43: 11 грамадзян забяспечаны палівам, у 4-х дамах заменена электраправодка, 3-м гаспадарам зроблены рамонт жылля і гаспадарчых пабудоў. За 3 месяцы бягучага года паслугамі Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва карысталіся 73 чалавекі. Сярод тых, хто атрымаў дапамогу, 5 ветэранаў вайны, 4 адзінокія састарэлыя, 17 інвалідаў. Разам з тым, неабходна паскорыць работу, якую просяць аказаць, па рамонце пячнога ацяплення, не дапускаць фармальнага падыходу ў рашэнні надзённых праблем ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны.

Заслухаўшы дадзеную інфармацыю, раённы выканаўчы камітэт прыняў адпаведнае рашэнне.

Напрыканцы пасяджэння райвыканкома вынікі падвёў старшыня А.Л. Пінчук. Ён засяродзіў увагу на пытаннях сённяшняга дня: правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы, падрыхтоўцы да 65-годдзя Вялікай Перамогі, сяўбе яравых культур.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *