На хвалях музыкі
Бягомльская дзіцячая школа мастацтваў адзначыла ў маі свой 40-гадовы юбілей. Святочны вечар прайшоў ва ўрачыстай абстаноўцы ў глядзельнай зале, у якой не было свабоднага месца, Дома культуры. Сюды прыйшлі кіраўнікі арганізацый гарадскога пасёлка і прадстаўнікі раённай вертыкалі, бацькі і дзеці тых, хто вучыўся ў школе мастацтваў і хто яшчэ вучыцца, а таксама ўлюбёныя ў музыку людзі.
У Беларусі кожны чацвёрты чалавек загінуў у гады Вялікай Айчыннай вайны, а ў партызанскім краі, самім гарадскім пасёлку Бягомль кожны чацвёрты атрымаў музычную адукацыю. Нашчадкі людзей з найбольш пацярпелага кутка раёна, як ніхто іншы, прагнуць жыцця светлага, радаснага, шчаслівага, цягнуцца да культуры. Больш чым 300 чалавек атрымалі за гэты перыяд пасведчанні аб заканчэнні культурнай установы. У 2010 — 2011 навучальным годзе ў ёй налічвалася 122 дзіцяці, а ўрокі ігры на баяне, акардэоне, фартэпіяна, аргане і цымбалах, харэаграфію і выяўленчае мастацтва выкладала 8 спецыялістаў. Школа, якая размясцілася ў былым памяшканні Бягомльскай раённай бальніцы пасля капітальнага рамонту, што быў зроблены ў асноўным самімі настаўнікамі і дзецьмі, вось ужо два гады ў новым амплуа гасцінна адчыняе дзверы і запрашае да высокай культуры мастацтва.
— У 2007 годзе тут было адкрыта аддзяленне харэаграфіі. Для заняткаў была абсталявана зала з люстэркамі і станкамі, дзве раздзявалкі і пакой для захоўвання сцэнічных касцюмаў, – расказвае дырэктар Алена Уладзіміраўна Юхнавец. – 39 навучэнцаў набываюць майстэрства класічнага, народнага і сучаснага танца. (Аўт. На сцэну святочнага вечара не аднойчы выходзіў танцавальны калектыў школы, у якім, што вельмі прыемна, шмат танцораў хлопчыкаў). Першы набор на мастацкае аддзяленне прайшоў у 2008 годзе. У бягучым – тэхнікай малюнка, жывапісу і кампазіцыі авалодвала 24 навучэнцы. Неаднаразова афармляліся выставы іх работ у Музеі народнай славы і ў школе. У маі работы лепшых школьных мастакоў былі выстаўлены ў раённым Доме рамёстваў.
– Заняткі ў школе мастацтваў робяць жыццё дзяцей напоўненым і культурным, выхоўваюць волю і дысцыпліну, загартоўваюць характар, — гаворыць Вольга Мікалаеўна. – Нават і не верыцца, што мінула 32 гады з таго часу, як я пераступіла парог гэтай школы. За плячамі не цяжкі груз, а вялікая радасць ад пройдзенага. І няпраўду сцвярджаюць псіхолагі, што прафесію трэба мяняць кожныя 5 гадоў, каб прынесці ў яе як мага больш карысці. Дзеці даюць столькі сіл і энергіі, столькі цягі да жыцця і любві да прыгожага, што, здаецца, хопіць гэтага яшчэ на 100 гадоў! Прыходжу дамоў пасля работы стомленая, але такая шчаслівая!
– Дзеткі, якія займаюцца ў школе мастацтваў, у сваім развіцці на дзве галавы вышэйшыя за іншых, – выказвае сваю думку Зоя Мікалаеўна. – Яны ўсебакова развітыя, культурныя, апантаныя, мэтанакіраваныя, стрыманыя і ініцыятыўныя. Яны лепшыя за іншых, бо мастацтва, музыка развівае іх унутраны свет, робіць дабрэйшымі да людзей і ўсіх жывых істот, вучыць бачыць прыгажосць, яе ствараць.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.