«Схаванае ад вачэй»

Пад такой назвай быў надрукаваны артыкул (“Родныя вытокі”, 8 чэрвеня, 2011г., № 46), у якім распавядалася пра вынікі рэйду па добраўпарадкаванні. Рэйдавая брыгада знайшла прыклады недагледжанасці, абыякавых адносін да парадку на тэрыторыях некаторых прадпрыемстваў і ўстаноў. Іх кіраўнікам быў дадзены пэўны час на выпраўленне становішча. Аб тым, што зроблена пасля крытыкі, рэдакцыя атрымала адказ ад дырэктара РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік” У.А. Ходаля, дзе ён паведаміў, што артыкул “Схаванае ад вачэй” абмеркаваны ў калектыве прадпрыемства. На тэрыторыі вытворчай базы Бягомльскага ўчастка наведзены парадак. На крытычнае выступленне газеты дырэктар КРБ ДУП “Докшыцкі рамонтнік” В.Л. Стахоўскі растлумачыў, што “будынак без вакон і дзвярэй” – гэта былы растворабетонны вузел, які, у адпаведнасці з заключэннем інстытута “Віцебсксельбудпраект”, належыць разборцы і рэканструкцыі. Але прадпрыемства для правядзення гэтых работ не мае сродкаў. Таму прынята рашэнне аб спісанні будынка з балансу. З мэтай эканоміі паліва яма, якая прызначалася для гашэння вапны, засыпаецца смеццем. Частка матэрыялаў будзе накіравана на будаўніцтва іншых аб’ектаў. Стары плот дэманціраваны. Як сведчыць з адказу дырэктара цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы І.В. Карапанавай, пасля выступлення газеты ля Парплішчанскай сельскай бібліятэкі была агароджана тэрыторыя, прыбраны попел, які заставаўся пасля ацяпляльнага сезона, абкошана трава. Спагнанне за паслаблены кантроль за работай кадраў атрымаў ад старшыні праўлення райста Ю.І. Ючкавіча пасля выхаду артыкула прараб А.Б. Роўба. На крытычнае выступленне рэдакцыя так і не атрымала адказу ад дырэктара Бягомльскага ўчастка ААТ “Плешчаніцлес” А.М. Кадзіна, хаця менавіта гэта арганізацыя больш за іншых крытыкавалася за нездавальняючае становішча з уладкаваннем быту рабочых.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *