Клавішы, як пульс жыцця
Музыка для большасці з нас – гэта нябачны таямнічы свет. Нешта абстрактнае, прасторавае, атмасфернае. А для Яўгена Уладзіміравіча Ганчарова музыка, акрамя бязважкай эстэтыкі, мае сутнасную вагу, з’яўляецца той прызмай, праз якую ён бачыць, адчувае жыццё.
Яшчэ ў маленстве, пасля перанесенай цяжкай хваробы, ён страціў зрок. Аднак, дзякуючы музыцы, не перастаў бачыць фарбы жыцця. Заўсёды, дзе б маленькі Жэня ні пачуў гукі мелодый, настойліва патрабаваў у сваіх суправаджальнікаў, каб яго абавязкова вялі туды, адкуль даносяцца прыгожыя гукі. Слухаў уважліва, задумліва, замілавана, як бы разглядаючы сюжэты, аналізуючы музычнае дзейства.
Не дзіва, што пазнаваць таямнічы музычны свет ён вырашыў на прафесійным узроўні. У Гродзенскай школе, дзе вучыўся, пастаянна наведваў музычныя гурткі. Пасля паступіў у Мінскае музычнае вучылішча імя М.І. Глінкі. Потым завочна скончыў музычна-педагагічны факультэт інстытута імя М. Горкага. Амаль сорак гадоў адпрацаваў выкладчыкам па класе баяна ў Докшыцкай музычнай школе. Цяпер з’яўляецца баяністам-акампаніятарам у Чырвонабярэзінскім Доме культуры. Так, ужо паўстагоддзя з музыкай Яўген Уладзіміравіч не развітваецца. Працягвае ўдасканальваць сваё майстэрства, пашырае рэпертуар і папаўняе ганаровымі ўзнагародамі скарбонку сваіх прафесійных дасягненняў. Пацверджаннем гэтаму стаў Міжнародны фестываль творчасці інвалідаў, што праходзіў пад Смаленскам на базе санаторыя “Чырвоны бор”, на якім Ганчароў заваяваў Дыплом першай ступені.
Такі фестываль адбываецца раз у два гады. Сёлета ён быў пятым і праходзіў пад эгідай “Разам мы зможам больш”, складаўся з двух тураў і гала-канцэрта. Яўген Уладзіміравіч у кожным туры на баяне выконваў па адным творы. Рэпертуар падбіраў самастойна. Спачатку сыграў “Жаваранка” М. Глінкі, а потым “Фантазію” на матывы рускіх старадаўніх вальсаў. Журы, у якое ўваходзілі народныя артысты, мэтры музычнага мастацтва, высока ацаніла віртуознасць докшыцкага баяніста, яго здольнасць адчуваць і жыць мелодыяй. На гала-канцэрце пад акампанемент Ганчарова распачыналася праграма “Музычнай гасцёўні” і на сцэну выходзілі ўсе фіналісты.
З фестывалю, акрамя высокай узнагароды, Яўген Уладзіміравіч прывёз мноства яркіх і цёплых уражанняў.
– Здзівіла агульная атмасфера, дасканаласць у арганізацыі мерапрыемства, – расказваў дыпламант. – Ад Беларускага таварыства інвалідаў па зроку нас было больш за 100 чалавек, і кожнаму ўдзялілі належную ўвагу: везлі на трох камфортных аўтобусах, рассялілі на 5 дзён у камфартабельныя нумары, смачна кармілі. З вялікай павагай і чуласцю адносіліся да кожнага ўдзельніка. Запомнілася, што некаторыя адпачываючыя санаторыя, якія прыходзілі на нашы выступленні, прасілі дазволу дакрануцца да нас і тлумачылі гэта тым, што мы незвычайныя і што ад нас ідзе станоўчая энергія.
Пасля размовы з Яўгенам Уладзіміравічам парыў гэтых людзей я магу зразумець. У іх тлумачэнні ёсць праўда.