Былі і просьбы, і падзякі

У аўторак, 11 кастрычніка, прайшоў дзень Докшыцкага сельсавета. Ва ўсіх населеных пунктах сельсавета прадстаўнікі раённай улады, кіраўнікі розных службаў раёна сустрэліся і пагутарылі з людзьмі, далі адказы на іх пытанні, узялі на кантроль вырашэнне праблем.

У памяшканні Янкаўскай базавай школы-сад прыём грамадзян вялі старшыня райвыканкама А.Л. Пінчук і начальнік упраўлення ідэалагічнай работы Віцебскага аблвыканкама А.І. Кліцуноў.

Жыхар вёскі Янкі А.Р. Парфяновіч звярнуўся з прапановай арганізаваць альтэрнатыўны замер тлустасці малака, бо ён лічыць, што малаказборшчык-камерсант дае непраўдзівы паказчык. Алег Леанідавіч папярэдзіў кіраўніцтва філіяла Докшыцкага малаказавода, каб лабаранты не адмаўлялі людзям у праверцы малака на тлустасць. А да камерсанта, калі выявіцца, што ён заніжаў паказчыкі, будуць прыняты адпаведныя меры ўздзеяння.

Ад жыхароў вёскі Камайск паступіў калектыўны зварот. Людзі наракалі на дрэнную якасць сена, якое ім выдзеліла гаспадарка. Заўважым, што сена было выдадзена бясплатна не толькі тым гаспадарам, якія прадалі дзяржаве цялят, але і ўсім, хто трымае на сваіх падворках кароў і нават коз. Добры гаспадар адразу развязаў бы і перасушыў прывезеныя цюкі, а не дапусціў бы, каб яны пачалі плеснець. Гэта адно. А другое – трэба ж і самому крыху варушыцца, калі трымаеш карову, і клапаціцца пра нарыхтоўку для яе корму, а не толькі спадзявацца на некага і чакаць, калі табе прывязуць у двор гатовае сена. Адначасова жыхары гэтай вёскі выказвалі падзяку медыкам і гандлёвым работнікам за добрае абслугоўванне.

Была таксама просьба наконт дазволу на саманарыхтоўку дроў. Вырашана накіраваць майстра з Докшыцкага лясніцтва, які павінен адвесці для гэтай мэты ўчасткі.

Ад жыхароў вёскі Восава паступіла скарга, што на працягу двух месяцаў не выконваецца графік вывазу смецця. Прасілі яны таксама спілаваць аварыйнае дрэва, што ля дома № 26.

У вёсцы Рашкаўка людзі прасілі залужыць пашу для выпасу жывёлы, зрабіць падсыпку дарогі да службовага дома № 24. Выкананне гэтай работы даручана спецыялістам дарожнай службы, а на кантроль гэта пытанне возьме А.В. Шнітко.

А вось праблема, якая хвалюе жыхароў вёскі Лаці, патрабуе больш пільнага разгляду. Людзі просяць раз у тыдзень пусціць у вёску рэйсавы аўтобус. Пытанне будзе разгледжана з прыцягненнем адпаведных ведамстваў і службаў, пасля чаго вырашыцца мэтазгоднасць аўтобуснага рэйса ў гэту вёску.

Паскорыць вырашэнне пытання наконт куплі кватэры – такі адказ атрымаў на свой зварот жыхар вёскі Барсукі М.П. Гардзіенка. Па меры чарговасці будзе выдзяляцца торфабрыкет і жыхарам гэтай вёскі Гаўрыловіч і Ізавітка.

Насельніцтва вёсак Туркі і Падомхі клапоціць стан вясковай вуліцы і дарогі: людзі прасілі прадоўжыць работы па ямачным рамонце і грэйдзіраванні. Просьбы аб падсыпцы дарог паступілі таксама ад жыхароў вёскі Антоны.

Звароты насельніцтва сельсавета тычыліся не толькі канкрэтных просьбаў, скаргаў. Не менш было шчырых слоў падзякі медыцынскім работнікам, прадаўцам за добрае абслугоўванне. Яны прагучалі ад жыхароў вёсак Касцюкі, Камайск, Дубавое, Шантары. Сярод іншых станоўчых водгукаў – падзяка за прадаўжэнне водаправода (в. Чырвонае Беразіно); за своечасовую дапамогу ва ўборцы збожжа на прысядзібных надзелах (в. Лапуты ); за добраўпарадкаванне могілак (в. Масловічы і в. Чырвонае Беразіно).

Варта адзначыць і такі момант, што ў некаторых населеных пунктах, як, напрыклад, вёскі Шантары, Карпаўка, жыхары не мелі ніякіх прэтэнзій, а выказвалі толькі падзякі як розным службам, што працуюць для іх, так і прадстаўнікам органаў улады.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *