Докшицкие рыболовы расплатились за забывчивость
У верасні рыбалавецкая брыгада ПМС займалася прамысловым ловам рыбы на арэндаваным вадаёме – возеры Межужол Докшыцкага раёна. Здабыўшы 17 кілаграмаў шчупака, 2,2 кілаграма акуня, 0,4 кілаграма плоткі, 10 кілаграмаў карася і 2,9 кілаграма ліня, рыбаловы пагрузілі трафей у службовую машыну і накіраваліся ў Докшыцы. На шляху іх спынілі работнікі Бягомльской міжраённай інспекцыі аховы жывёльнага і расліннага свету. Аказалася, што вага ўлову не была зафіксавана ў тоневым журнале, а гэта лічыцца сур’ёзным парушэннем патрабаванняў абзаца 1 пунктаў 112 і 115 Правілаў вядзення рыбалоўнай гаспадаркі і рыбалоўства.
Сваё ўпушчэнне брыгадзір рыбалавецкай каманды растлумачыў тым, што вельмі спяшаўся і таму аформіць дакументы вырашыў па прыездзе. У праўдзівасць гэтага тлумачэння можна было паверыць. Аднак закон не прадугледжвае выключэнняў для забыўчывых і паспешлівых. За дадзенае парушэнне брыгадзіру прыйшлося заплаціць штраф у памеры дзвюх базавых велічынь, а гэта 70 тысяч рублёў.
Факты паведаміў начальнік Бягомльскай МРІ
Сяргей Захарэвіч.