Эфектыўнае выкарыстанне бюджэтных сродкаў

Па пытанні мэтавага і эфектыўнага выкарыстання бюджэтных сродкаў, якія выдзелены на арганізацыю харчавання кантынгента ў трох установах (2 бальніцах і доме-інтэрнаце), Камітэтам дзяржкантролю па Віцебскай вобласці праведзены праверкі. Выяўлена, што ва ўстановах не арганізаваны патрэбны кантроль за забеспячэннем рацыянальнага харчавання кантынгента, нормы не выконваюцца, няма разнастайнасці ў меню, парушаецца тэхналогія прыгатавання страў, дапускаюцца недавагі.

У дзяржаўнай установе сацыяльнага абслугоўвання “Рацэўскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў” за кошт заніжэння нормаў выхаду пры забоі жывёлы (выкарыстоўваліся адмененыя нарматывы) не было апрыходавана 133,5 кілаграма ялавічыны і 42,6 кілаграма свініны на суму 1,6 мільёна рублёў. Субпрадукты 1 і 2 катэгорый выкарыстоўваліся для прыгатавання страў, у якіх яны не прадугледжаны тэхналагічнай дакументацыей.

Ва ўстанове аховы здароўя “Наваполацкая цэнтральная гарадская бальніца” пры зняцці рэшткаў прадукцыі на харчблоку ўстаноўлены лішкі прадуктаў. Гэта сведчыць аб недаўкладанні прадуктаў пры прыгатаванні страў. Да таго ж, пры разборы туш свініны, скура не здымалася, а спісвалася ў страве як мяса.

У Халамерскай сельскай участковай бальніцы закладка прадуктаў пры прыгатаванні асобных страў згодна меню рабілася без уліку нарматыўных адходаў і страт пры халоднай і цеплавой апрацоўцы.

Пры ўсіх праверках устаноўлены парушэнні патрабаванняў заканадаўства па рэалізацыі тавараў. Практычна ў кожным правераным гандлёвым аб’екце ўстаноўлены выпадкі наяўнасці ў продажы тавараў негарантаванай якасці (з пратэрмінаванай годнасцю, без неабходнай маркіроўкі на спажывецкай упакоўцы аб вырабе і канчатковым тэрміне годнасці тавараў і інш.). Выяўлены парушэнні санітарных правілаў пры захоўванні і рэалізацыі тавараў (знаходжанне на падлозе, зямлі без падтаварнікаў, з парушэннямі таварнага суседства, парушэнне тэмпературнага рэжыму, адсутнасць допускаў у санітарных кніжках прадаўцоў), а таксама парушэнні правілаў здзяйснення рознічнага гандлю (адсутнасць цэннікаў, інфармацыі пра тавар).

Па выніках праверак у 3 квартале 2010 года да адміністрацыйнай адказнасці прыцягнуты 150 чалавек, да дысцыплінарнай – 116, у тым ліку вызвалены ад работы – 2. У цэлым за 9 месяцаў 2010 года ва ўсіх 183 правераных гандлёвых аб’ектах спецыялістамі Камітэта дзяржаўнага кантролю Віцебскай вобласці ўстаноўлены парушэнні, у тым ліку ў 146 (79,8 працэнта) – не выконваліся патрабаванні да якасці рэалізуемых тавараў, забракавана тавараў на суму 17,1 мільёна рублёў, 121 (66,1 працэнта) – пакупнікам не была прадастаўлена інфармацыя пра тавар; у 83 (45,3 працэнта) – парушаліся санітарныя нормы і правілы; у 29 (15,8 працэнта) – адсутнічалі тавары, якія прадугледжаны асартыментнымі пералікамі, у 23 (2,6 працэнта) – не выконвалася дысцыпліна цэн, у 17 —парушаліся метралагічныя нормы і правілы.

Да адміністрацыйнай адказнасці ў сферы гандлю і бытавога абслугоўвання прыцягнуты 501 правапарушальнік з накладаннем штрафаў на суму 66 мільёнаў рублёў, да дысцыплінарнай – 299 чалавек.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *