Как провели каникулы школьники Докшицкого района

У кожнай школе падчас нядаўніх восеньскіх канікулаў для дзяцей арганізоўваліся мерапрыемствы, паездкі, экскурсіі. Наколькі яны былі цікавымі і карыснымі, мы пацікавіліся ў вучняў і ўпэўніліся, што настаўнікі ўмела і скрупулёзна падышлі да планавання занятасці сваіх выхаванцаў у вольны ад вучобы тыдзень. Сваімі ўражаннямі дзеці дзяліліся з задавальненнем: захоплена і эмацыянальна.

Насця Лабынька, вучаніца 4 класа Докшыцкай школы № 2:

– Учора мы – вучні чацвёртых класаў – разам з класнымі кіраўнікамі ездзілі ў Полацк. Пабывалі ў Спаса-Ефрасіннеўскім манастыры, этнаграфічным музеі і музеі кнігадрукавання. Экскурсія, асабіста мне, вельмі спадабалася. Я пабачыла і даведалася шмат цікавага. Асабліва ўразіла келля Ефрасінні Полацкай. Запомніўся расказ пра яе жыццё і дзейнасць. Дадому я прывезла святой вады і абразкі з выявай Ефрасінні для мамы і таты. Гэта паездка мне запомніцца надоўга, бо адбылася яна якраз у дзень майго нараджэння. Я вельмі ўдзячна настаўнікам, якія зрабілі мне такі падарунак!

Насця Гмырак, вучаніца 11 класа Крулеўшчынскай школы:

– Зараз я жыву прадчуваннем паходу. На гэты раз мы збіраемся ў Лагойскі раён. Разам з удзельнікамі паходу, а нас больш за 10 чалавек, старанна рыхтуемся: складаем маршрут, выбіраем славутыя мясціны, якія хацелі б паглядзець. Якраз у гэты час у вёсцы Ізбішча Лагойскага раёна праходзяць раскопкі старажытнага паселішча IX стагоддзя. Мы туды трапім! А яшчэ абавязкова наведаем музей Змітрака Бядулі ў вёсцы Крайск. Упэўнена, што падарожжа будзе, як заўсёды, незабыўным. Не магу дачакацца заўтра, калі мы рушым у дарогу.

Мікіта Шыла, вучань 2 “А” класа Докшыцкай школы № 1:

– Мне вельмі спадабалася паездка ў музей Народнай славы. Там была экспазіцыя “Беларуская народная хатка”. Нам паказалі, якімі ў старажытнасці былі вопратка, посуд, розныя хатнія рэчы. Расказалі з чаго і як іх выраблялі. Самае цікавае і нечаканае ў музеі было тое, што, калі мы разглядалі фотаздымкі былых партызанаў і ўдзельнікаў Вялікай Айчыннай вайны, я і яшчэ адна дзяўчынка – Алеся Малюжанец – знайшлі партрэты сваіх прапрадзедаў.

Па дарозе назад наведалі мемарыяльны комплекс “Шунеўка”. Калі нам расказвалі пра трагічныя падзеі гэтай вёскі, мы расчуліліся, некаторыя нават заплакалі.

Ваня Парцянка, вучань 6 класа Тумілавіцкай школы:

– Мне вельмі падабаецца школьны лагер. Нездарма яго назвалі “Сонейка”. Тут заўсёды весела і цікава. Кожны дзень новыя гульні, мерапрыемствы! Дзяцей у лагеры шмат – гэта таксама здорава! Настаўнікі арганізоўваюць для нас не толькі рухомыя і спартыўныя гульні, але і цікавыя дыспуты, гутаркі. Мне запомніліся “Завочнае падарожжа па славутых мясцінах Беларусі”, “У гасцях у восені”, “Літаратурная гульня”, “На золотом крыльце сидели”. Весела праходзяць экскурсіі. Я вельмі люблю прыроду, таму мне цікава было схадзіць на экалагічную сцяжыну і ў дэндрарый. Акрамя ўсяго, тут яшчэ і вельмі смачна кормяць! Шкада, што лагер толькі да дзвюх гадзін дня. Дадому ніколі не хочацца ісці.

Ксенія Грыгаровіч, вучаніца 6 класа Параф’янаўскай школы:

– Падчас канікулаў мы, наведвальнікі школьнага лагера, пад кіраўніцтвам настаўнікаў арганізавалі гульню “Хвіліна славы”. Удзельнічалі ў ёй усе без выключэння. Кожны хацеў паказаць свае здольнасці: хто спяваў, хто чытаў вершы, танцавалі, выконвалі розныя спартыўныя практыкаванні. Асабліва ўразілі ўсіх Дзіма Кальчынскі і Крысціна Квяцінская, якія спявалі песні пра маму. Іх выступленні прайшлі на біс. Яны заслужылі самыя бурныя і шчырыя авацыі і, адпаведна, сталі пераможцамі конкурсу. Вельмі спадабаўся ўсім і танец, што развучыла з дзяўчатамі вучаніца 4 класа Паліна Кальчынская. Яна наведвае харэаграфічны гурток у райцэнтры, умее танцаваць пад сучасныя электронныя мелодыі. Сваім уменнем яна падзялілася з сяброўкамі – і атрымаўся выдатны танцавальны калектыў.

Вельмі весела праходзяць у лагеры экскурсіі і паходы. На прыродзе мы палілі вогнішча, удзельнічалі ў разнастайных гульнях, конкурсах, шмат спявалі і нават будавалі крэпасць.

Вікторыя Парцянка, вучаніца 8 класа Крыпульскай школы:

– Прайшло ўжо колькі дзён пасля Хэлоўіна, а мы ўсё ўспамінаем, як цудоўна яго адзначылі на школьнай дыскатэцы. Нават падрыхтоўка была надзвычайна захапляючай. Мы выразалі з гарбузоў вясёлыя мордачкі, рыхтавалі касцюмы, прадумвалі конкурсы, гульні, дэкарыравалі залу. На дыскатэку прыйшлі ўсе. Многіх было не пазнаць. Тут была і Эма, і Смерць, і Дзяўчынкі-блізняты, і нават Вампір. Весяліліся ад душы. Сярод усіх гульняў самай вясёлай аказаліся “Жмуркі”, калі, падміргваючы, кожны з нас мог выказаць сваю сімпатыю хлопчыку ці дзяўчынцы. Хэлоўін атрымаўся на 10 балаў! Тры гадзіны праляцелі незаўважна. Разыходзіцца не хацелі. Вырашылі, што ў наступным годзе таксама будзем адзначаць гэта экзатычнае свята.

Гутарыла
Таццяна СТАДОЛЬНІК.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *