Докшицы встретили гостей-евангелистов из Германии

У кастрычніку ў Докшыцы завітала група хрысціян-евангелістаў з Германіі, якая наведала аддзяленне дзённага прабывання інвалідаў Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання. Іх місія заключалася ў падтрымцы абяздоленых людзей і стварэнні ім настрою. А таму група мужчын у складзе 12 чалавек спявала падуласны акампанемент для дзяцей і дарослых хрысціянскія песні. Дарэчы, на высокім прафесійным узроўні.

– Адкуль такое валоданне беларускай мовай? – першае пытанне, з якім звярнулася да кіраўніка групы.

– А мы ўсе з краін былога Савецкага Саюза. Праўда, карані маем германскія. Нашы бацькі ў далёкія гады перасяліліся на Каўказ і Украіну, Беларусь і Расію, Латвію, Літву, а дзеці, якія выраслі на гэтых землях і атрымалі савецкае выхаванне, вярнуліся на гістарычную радзіму продкаў. Але мову сваю не забылі, паміж сабой размаўляем на беларускай ці рускай.

Мы жывём у Германіі і жыццём увогуле задаволены. Але гэта ніякім чынам не звязана з краінай, у якую перасяліліся. Добра там, дзе ёсць Бог. А Ён з намі заўсёды.

– Адкуль такая моцная вера ў Бога?

– А як інакш, калі Святое Слова гаворыць, што Хрыстос пацярпеў за нас і тым самым узяў на сябе нашы грахі. Мы сталі бязгрэшнымі, а значыць, будзем жыць у раі.

– Калі слепа верыць у тое, што пасля смерці будзеш у раі, то, магчыма, і саграшыць — не грэх, бо ўсё роўна будзеш там?

– Ды не. Жыць трэба згодна з Божымі запаветамі. Канечне, бязгрэшнымі лічыць сябе нельга, бо чалавек – натура слабая, і не ўчынкамі, дык у думкамі іншы раз даводзіцца саграшыць. Галоўнае — у гэтым пакаяцца, папрасіць у Бога прабачэння і старацца больш, як кажуць у народзе, на адны і тыя ж граблі не наступаць. Жывём ва ўнісон. Стараемся не пакрыўдзіць бліжняга і славім Бога.

– Дзе і кім працуюць члены вашай царквы?

– У большасці сваёй мы маем рабочыя спецыяльнасці. Тут і слесары, і будаўнікі, і рамонтнікі абутку. Аб’ядноўвае вера ў Бога і музычная адукацыя. Амаль кожны член царквы іграе на нейкім музычным інструменце на прафесійным узроўні, і ўсе спяваюць.

– Вядома, што раз у год ваша царква адпраўляе гуманітарны груз у Віцебскую вобласць, у наш раён, у якім рэчавая дапамога, а таксама пэўнае абсталяванне для інвалідаў-калясачнікаў.

– Па-першае, не хочацца страчваць сувязь з суайчыннікамі. Па-другое, дапамагчы “страждущему” – дапамагчы Богу. Вось і робім на працягу года нейкія адкладанні, каб сабраць на набыццё пэўных рэчаў. На ўласныя сродкі ў час водпуску здзяйсняем і вось такія выезды за мяжу.

– Жывіцё і спяваеце ва ўнісон?

– Можна лічыць, што гэта так і ёсць на самой справе.

Гутарыла
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: спяваюць ва ўнісон.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *