Памятный след оставили о себе учителя Волколатчины

На снимке: З.А. Буланова встречает 2004 год.

Сухамлінскаму належаць словы аб тым, што праца настаўніка ні з чым не параўнальная. Прадстаўнікі іншых прафесій даволі хутка маюць вынікі сваёй дзейнасці, а настаўніку трэба працаваць гадамі, каб убачыць, што за чалавек атрымаўся ў выніку яго выхавання. Нікога, акрамя яго, не наведвае так часта пачуццё незадавальнення, і ні ў якай іншай прафесіі памылкі і няўдачы не вядуць да такіх цяжкіх вынікаў, як у настаўніцкай. Затое якой бязмернай з’яўляецца радасць педагога, калі з маленькага чалавека ўдаецца “зляпіць” асобу. Як важна падрыхтаваць вучня да свядомага выбару не толькі будучай прафесіі, свайго асабістага жыцця, але і сацыяльнай значнасці і адказнасці сваёй працы, бо, акрамя асабістых інтарэсаў, ёсць яшчэ інтарэсы краіны, у якой мы жывём.

 

Вялікім шчасцем для кожнага чалавека з’яўляецца сустрэча з сапраўдным настаўнікам. Для выпускнікоў Валкалацкай сярэдняй школы сонечным промнем, што свеціць усё жыццё, сталі Васіль Аляксеевіч і Зінаіда Антонаўна Буланавы, а таксама Галіна Георгіеўна Шылько, Юзэфа Іосіфаўна Кімстач, Марыя Фамінічна і Сяргей Ільіч Курдзекі, Вольга Антонаўна і Іосіф Баляслававіч Плюты, Ульяна Раманаўна Чыкун, Зінаіда Мацвееўна Мацюшонак, Аляксандр Аляксеевіч і Мая Канстанцінаўна Барташэвічы, Мечыслаў Віктаравіч Дач. Некаторых з іх ужо няма побач з намі, але памяць пра іх і пачуццё ўдзячнасці за іх высакародную працу, за іх адданасць і бязмерную любоў да вучня не пакіне нас ніколі.

 

Некалькі добрых слоў хацелася б сказаць пра Буланавых, жыццё якіх з’яўляецца прыкладам таго, якім павінен быць Настаўнік. У нашу школу яны прыехалі працаваць у 1960 годзе. Васіль Аляксеевіч быў прызначаны дырэктарам школы, на гэтай пасадзе ён адпрацаваў 23 гады. Выкладаў гісторыю, а яго жонка Зінаіда Антонаўна – рускую мову і літаратуру. Гэта былі людзі крыштальнай сумленнасці, глыбокай культуры. Яны вельмі любілі тую краіну, у якой нарадзіліся, вучылі дзяцей пачуццю патрыятызму на асабістым прыкладзе. Буланавы родам з Расонскага раёна, прайшлі вайну. Васіль Аляксеевіч быў падпольшчыкам атрада імя Шчорса брыгады імя Ракасоўскага. У час выканання баявых заданняў паказаў сябе знаходлівым, смелым байцом, таму быў хутка пераведзены ў брыгадную разведку. Разведваў падыходы да фашысцкіх гарнізонаў, у блакадныя дні і месяцы знаходзіў “шчыліны” ў заслонах карнікаў і, “прымаючы агонь на сябе”, выводзіў атрад. У перыяд баявога рэйду брыгады ў Пастаўскі раён менавіта яму даверылі захоўваць сцяг атрада. За баявыя заслугі быў узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі, ордэнам Айчыннай вайны 1-й ступені, медалямі. Зінаіда Антонаўна юнай дзяўчынкай стала партызанкай брыгады імя Лявонава. У атрад “Смерць фашызму” прыйшла са сваім карабінам і не выпускала яго з рук да вызвалення. Працавала ў шпіталі, потым загадвала гаспадарчым блокам. Перажыла блакаду.

 

Пасля вызвалення Беларусі яны пайшлі ў настаўнікі. Сустрэліся ў 1949 годзе ў вёсцы Лучай Пастаўскага раёна. Абодва ўжо мелі педагагічную адукацыю. Зінаіда Антонаўна працавала настаўніцай, а Васіль Аляксеевіч быў прызначаны дырэктарам школы. У 1953 годзе пажаніліся, нарадзілі сыноў Валерыя і Леаніда.

 

У час працы ў Валкалаце Буланаў разам з тагачасным старшынёй калгаса “Памяць Ільіча” Ф.І. Чыкуном пабудавалі школу, у якой і зараз вучацца дзеці. Зінаіда Антонаўна шмат займалася грамадскай работай, удзельнічала ў мастацкай самадзейнасці, стварыла ў СДК драматычны гурток, які шмат год радаваў сваімі пастаноўкамі вяскоўцаў.

 

Буланавы пражылі доўгае жыццё. Сваёй сціпласцю, бездакорнымі паводзінамі, уважлівасцю, тактам у адносінах да кожнага чалавека здолелі пакінуць яркі след не толькі ў памяці сваіх вучняў, але і ўсіх людзей, якія іх ведалі. Яны ўмелі любіць і прабачаць, дапамагаць і быць бязмерна ўдзячнымі за любую, нават самую маленькую ўвагу да іх.

Ніна ПАДЛЯШЧУК,

дырэктар Валкалацкай СШ.

Один комментарий для “Памятный след оставили о себе учителя Волколатчины

  • 07.11.2012 в 4:14 пп
    Permalink

    Спасибо огромное за статью. Низкий поклон упомянутым учителям…..

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *