В Докшицах соревновались будущие защитники Отечества
У мінулую суботу, 21 студзеня, ва ўрочышчы “Чыстаполле” і на базе Докшыцкай школы № 2 адбылася раённая спартакіяда па зімнім шматбор’і прыкладнога фізкультурна-спартыўнага комплексу “Абаронца Айчыны” сярод дапрызыўнай і прызыўнай моладзі. Да ўдзелу ў мерапрыемстве аддзелы адукацыі і фізічнай культуры, спорту і турызму райвыканкама запрасілі юнакоў 15 — 18 гадоў з усіх школ раёна. Сабралася 22 каманды. Удзельнікі падзяліліся на дзве ўзроставыя групы: 15 — 16 і 17 — 18 гадоў. Спаборнічалі ў трох відах спорту: стральбе з пнеўматычнай вінтоўкі, падцягванні на перакладзіне і лыжных гонках. На кожным этапе спаборніцтваў вылучаліся найбольш фізічна падрыхтаваныя юнакі.
Лепшымі снайперамі (кожны ў сваёй узроставай групе) сталі Ілья Бабровіч, вучань Валкалацкай школы, і Андрэй Маскалёнак, спартсмен з Барсукоўскай школы.
Найбольш разоў чым іх равеснікі падцягнуліся на перакладзіне Вадзім Бута (малодшы) і Андрэй Іонін (старэйшы). Вучацца юнакі ў Докшыцкай школе № 2. Самымі хуткімі ў лыжных гонках у сваіх узроставых групах былі вучні з Бягомльскай школы Яўген Раманоўскі і Мікіта Бацэка.
Найбольшую колькасць ачкоў (69) па ўсіх трох відах сярод спартсменаў 15 — 16 гадоў набраў Ілья Бабровіч. Другое месца з 65-ццю ачкамі забраў Жэня Раманоўскі. Два ачкі саступіў яму спартсмен з Крулеўшчынскай школы Аляксандр Кавалёнак і заняў, адпаведна, трэцяе месца.
Сярод старэйшых самай большай сумай ачкоў (67) вылучыўся Яўген Касцюкевіч, які вучыцца ў Крулеўшчынскай школе. Коля Баброўскі, парплішчанскі вучань, набраў 57 ачкоў і заняў другое месца, а Андрэй Іонін стаў трэцім з 55-ццю ачкамі. Відавочна, што гэтыя хлопцы, у свой час, будуць зайздроснымі навабранцамі для воінскіх часцей.
Каманднае лідарства вызначалася ў трох групах.
Гарадскія (вялікія) школы:
1 месца – Крулеўшчынская; 2 месца – Бягомльская; 3 месца – Докшыцкая школа № 2.
Сярэднія школы: 1 месца – Валкалацкая; 2 месца – Парплішчанская; 3 месца – Параф’янаўская.
Базавыя школы: 1 месца – Гарадзішчанская; 2 месца – Замастоцкая; 3 месца – Таргуноўская школа.
Пераможцы і асабістых, і камандных залікаў узнагароджаны дыпломамі.