Докшицкая госавтоинспекция предупреждает

Зімовая дарога

Бяспека руху ў зімовы перыяд у многім залежыць ад узроўню вадзіцельскага майстэрства таго, хто знаходзіцца за рулём. Але нават і першакласны вадзіцель не заўсёды можа выйсці з аварыйнай сітуацыі. Тут не дапаможа і самая дасканалая тэхніка кіравання. І гарантый на тое, што вам удасца пазбегнуць аварыі, не дасць ніхто, але спрагназаваць загадзя магчымае развіццё падзей на дарозе вадзіцель можа.

Некаторыя аўтаўладальнікі, спрабуючы сэканоміць, устанаўліваюць зімовыя шыны толькі на вядучую вось машыны, але рабіць гэтага не трэба, бо пры экстранным тармажэнні з-за рознасці счаплення колаў, аўтамабіль лёгка ідзе ў занос.

Трэба памятаць і пра манеру язды па зімовай дарозе. Усе ведаюць, як трэба хадзіць па лёдзе. Тых самых правіл трэба прытрымлівацца і ў час язды на машыне. Нельга рэзка паварочваць і тармазіць, а таксама рухацца на нейтральнай перадачы, бо машына не «чапляецца» за дарогу і кіраваць ёю складана. Тармазіць трэба, не выжымаючы счаплення, паступова.

У гэты складаны перыяд трэба прытрымлівацца некаторых правілаў: знізіць хуткасць руху, павялічыць дыстанцыю і бакавы інтэрвал, тармажэнне пачынаць загадзя, адмовіцца ад лішніх перастраенняў і апераджэнняў. Зімой найбольш небяспечныя месцы – гэта масты і пуцеправоды, бо яны прадуваюцца і зверху, і знізу, таму тут заўсёды лёд. Небяспечныя таксама перакрыжаванні і прыпынкі грамадскага транспарту, бо аўтамабілі робяць лёд на іх коўзкім.

Яшчэ раз нагадваем жыхарам Докшыц аб недапушчальнасці паркавання аўтамабіляў на праезнай частцы вуліц, бо гэта перашкаджае якаснай расчыстцы снегу.

А. СТАШЭВІЧ,
старшы дзяржаўтаінспектар ДАІ РАУС.   

 

Каб у аварыю не траплялі дзеці

Летась на дарогах вобласці з удзелам дзяцей адбылося 69 ДТЗ, у якіх 4 маленькія  чалавекі загінулі. Прычыны гэтых здарэнняў розныя, але, калі ў аварыю трапляе дзіця,  – гэта заўсёды асаблівы выпадак.

Часцей за ўсё дзеці траўміруюцца ў якасці пасажыраў аўтамабіля, які трапіў у аварыю. У гэтым выпадку віна поўнасцю кладзецца на вадзіцеля. Другая прычына – гэта няўважлівасць, незахаванне правіл на дарозе самімі дзецьмі. Некаторыя ДТЗ правакуюцца падлеткамі-вадзіцелямі, якія, не маючы права на кіраванне транспартным сродкам, вопыту кіравання, заканамерна трапляюць у аварыі.

Колькасць падобных ДТЗ можна скараціць сумеснымі намаганнямі школы, сям’і, Дзяржаўтаінспекцыі, дзіцячых і грамадскіх арганізацый з дапамогай прапаганды правіл бяспекі на дарогах. Найбольшая роля адводзіцца, канечне, сям’і. Менавіта бацькі павінны прывучыць дзіця з маленства правільна паводзіць сябе на дарозе, у грамадскім транспарце і іншых месцах. Настаўнікам трэба падтрымліваць атмасферу разумення і абавязковага захавання вучнямі правіл дарожнага руху. Педагогі абавязкова павінны супрацоўнічаць з работнікамі ДАІ.

На жаль, здараецца бачыць, калі бацькі самі няправільна паводзяць сябе на дарозе, груба парушаюць правілы дарожнага руху на вачах у дзяцей. Як будзе такое дзіця ў будучым успрымаць размовы аб правільных паводзінах?

Яшчэ адной прычынай траўматызму дзяцей з’яўляецца бесклапотнасць, п’янства вадзіцелей. У такіх выпадках ніякае самае суровае пакаранне не кампенсуе жыцця і здароўя пацярпелых у аварыі. Кожны вадзіцель, які бачыць на дарозе дзяцей, павінен весці сябе максімальна ўважліва і асцярожна, бо перад ім маленькі чалавек, які па нявопытнасці можа разгубіцца, памыліцца.

А. СЦЕННІК,
начальнік ДАІ РАУС.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *