Аб барацьбе з карупцыяй

У нашай краіне эфектыўная барацьба з карупцыяй з’яўляецца прыярытэтным кірункам у  забеспячэнні бяспекі дзяржавы. Створана неабходная заканадаўчая база, у якой галоўным дакументам з’яўляецца Закон Рэспублікі Беларусь “Аб барацьбе з карупцыяй”.

Пад карупцыяй разумеецца  наўмыснае выкарыстанне службовай асобай свайго службовага становішча і звязаных з ім магчымасцей для супрацьпраўнага атрымання маёмасці, іншай выгады ў выглядзе паслуг, пратэжыравання, абяцання перавагі для сябе ці для трэціх асоб, а таксама подкуп дзяржаўнай службовай або роўнай з ёй асобы шляхам прадстаўлення ёй маёмасці або іншай выгады з тым, каб гэта службовая асоба здзейсніла дзеянні або ўтрымалася ад іх у час выканання сваіх службовых (працоўных) абавязкаў. Такім чынам, карупцыя ўключае ў сябе супрацьпраўныя дзеянні як самой службовай асобы, так і дзеянні іншых асоб, якія накіраваны на подкуп службовай асобы. Барацьбу з карупцыяй ажыццяўляюць органы пракуратуры, якія з’яўляюцца адказнымі і каардынуючымі, а таксама органы ўнутраных спраў і дзяржбяспекі.

Летась пракуратурай вобласці праведзена больш за 100 праверак выканання антыкарупцыйнага заканадаўства, вынесена больш за 200 актаў пракурорскага нагляду.     Да дысцыплінарнай і адміністрацыйнай адказнасці прыцягнута 155 асоб.

Але барацьба з карупцыяй павінна ажыццяўляцца не толькі трыма вышэйназванымі структурамі. Законам прадугледжана, што ўсе дзяржаўныя органы і іншыя арганізацыі ўдзельнічаюць у барацьбе з карупцыяй у межах сваёй кампетэнцыі. Як паказвае практыка, парушэнні, якія ствараюць умовы для карупцыі, маюць месца ў розных сферах дзейнасці. З пункту гледжання крымінальнага закона, вызначаны пералік карупцыйных злачынстваў. Да іх аднесены: крадзеж шляхам злоўжывання службовымі паўнамоцтвамі; легалізацыя службовай асобай матэрыяльных каштоўнасцей набытых злачынным шляхам; злоўжыванне ўладай ці службовымі паўнамоцтвамі, бяздзеянне, перавышэнне ўлады ці паўнамоцтваў службовай асобай з карыслівай ці іншай асабістай зацікаўленасці; атрыманне і дача хабару, пасрэдніцтва ў ім, атрыманне незаконнага ўзнагароджвання. Хабарам не з’яўляецца атрыманне службовай асобай сувеніраў і падарункаў у час правядзення пратакольных і іншых афіцыйных мерапрыемстваў, а таксама атрыманне падарункаў у выпадку дня нараджэння і святаў, калі яны былі ўручаны без абумоўленасці ўзнагароджання адпаведнымі дзеяннямі па службе. Калі ж будзе ўстаноўлена, што пад відам падарунка перадаваўся хабар, то праведзеныя дзеянні будуць кваліфікавацца як хабарніцтва незалежна ад памеру хабару. Асоба, якая дала хабар і пасля гэтага добраахвотна заявіла аб зробленым або ў адносінах да яе мела месца вымаганне, вызваляецца ад крымінальнай адказнасці.

У 2011 годзе на тэрыторыі вобласці зарэгістравана 329 карупцыйных злачынстваў, што на 6,8 працэнта больш чым у папярэднім годзе. З іх 182 злачынствы – гэта хабарніцтва. Па-ранейшаму назіраецца павелічэнне фактаў крадзяжу, здзейсненых шляхам злоўжывання службовым становішчам. 30 працэнтаў такіх злачынстваў – гэта крадзеж у буйным і асабліва буйным памеры. Найбольшая колькасць карупцыйных злачынстваў зарэгістравана ў прамысловасці. Затым ідзе сельская гаспадарка і адукацыя.

Напрыклад, да 5 год пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці і пазбаўленнем права займаць арганізацыйна-адказныя, адміністрацыйна-гаспадарчыя і маральна-адказныя пасады асуджаны былы галоўны бухгалтар аднаго з прадпрыемстваў Чашніцкага раёна, якая на працягу шэрагу гадоў крала грашовыя сродкі (дзясяткі мільёнаў рублёў), уносіла ў дакументы няправільныя звесткі, чым заніжала прыбытак і павялічвала расходы.
 За атрыманне хабару ў 1 мільён рублёў асуджаны інспектар ДАІ ў Віцебску. Да 10 год пазбаўлення волі з канфіскацыяй маёмасці асуджаны былы намеснік начальніка абласной фінансавай міліцыі, які ўзяў у якасці хабару 500 долараў ЗША за вырашэнне пытання па спыненні праверачных мерапрыемстваў фінансава-гаспадарчай дзейнасці прадпрымальніка.

Трэба сказаць, што ёсць факты, калі самі службовыя асобы дапамагаюць выкрываць злачынцаў, якія жадаюць вырашыць свае пытанні незаконным спосабам. Напрыклад, у Наваполацку асуджаны расіянін, які перадаў хабар у суме 570 тысяч расійскіх рублёў начальніку ўпраўлення завода “Палімір” за станоўчае для яго вырашэнне вытворчага пытання. Але начальнік упраўлення аб злачынным намеры грамадзяніна загадзя паведаміў у праваахоўныя органы.

У Віцебску асуджана службовая асоба, якая ў рабочы час прыцягвала падначаленых для выканання будаўнічых і іншых гаспадарчых работ на сваім дачным участку і сваёй радні. Пры гэтым выкарыстоўвала яшчэ і службовы аўтатранспарт.

У заключэнне сказанага хачу зазначыць, што поспех у барацьбе з карупцыяй можа быць толькі пры ўмове разумення кожнай службовай асобай, кожным грамадзянінам і ўсім грамадствам негатыўнай ролі гэтай адмоўнай сацыяльнай з’явы.

С. КУРАТНІК,  пракурор раёна.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *