Всемирный метеорологический день на докшицкой станции
Ёсць у Докшыцах куточак, дзе свой асабісты час і свая незвычайная мова. Валадарства сусветнага сярэднегрынвічскага часу і безліч лічбаў, якія складаюць “словы”, – у любой краіне свету іх зразумеюць. Ён, як бы той Ватыкан, – маленькая дзяржава ў горадзе, якая жыве па сваіх законах, адасобленым жыццём. Насамрэч усё проста. Гэта метэаралагічная станцыя ў Докшыцах – “фабрыка” інфармацыі пра надвор’е, што турбуе кожнага, што з’яўляецца вечнай тэмай для размоў ва ўсе часы. 23 сакавіка станцыя адзначае галоўнае прафесійнае свята — Сусветны метэаралагічны дзень.
Марына Яновіч, тэхнік-аграметэаролаг, прыйшла ў прафесію тры гады таму, па падказцы сяброўкі. Дванаццаць год адпрацавала на пошце, за справамі не заўжды, кажа, заўважала, як і шматлікія катэгорыі работнікаў, калі непасрэдна надыходзіла вясна, распускаліся першыя кветкі. Жыццё ў клопатах і працы праносілася хутка і падчас міма. Затое зараз назіранне за прыродай (чытай, жыццём і часам) яе непасрэдны занятак, які Марыне вельмі падабаецца. Спачатку было складана вывучыць мову лічбаў: кожны злак, кожная расліна, за якімі праводзіцца назіранне, і іх паказчыкі кадзіруюцца. Затое зараз тэхнік-аграметэаролаг смела адкрывае сшытак з запісамі і чытае “словы” з адзінак, троек і г.д., здзіўляючы нас. Рабочым месцам часцей за ўсё з’яўляецца поле: глеба і тое, што яна нараджае, – галоўныя “інструменты” працы і даследавання. Варыянтаў назірання шмат: гэта і адгадоўванне азімых злакаў, каб выявіць, ці добра культуры перазімавалі (дарэчы, сёлета гібель раслін была ў межах натуральнага – да 10 працэнтаў), вымярэнне таўшчыні снегу і прамярзання глебы і іншае. На кожны від даследавання – свой незвычайны прыбор, які каштуе нямала. Напрыклад, самы просты з іх на метэаралагічнай станцыі мае цану ў два мільёны беларускіх рублёў, апошні, які набылі, каштуе 35 мільёнаў. На маё пытанне, ці шмат яшчэ невядомага ў прафесіі, Марына Яновіч адказвае:
– Азамі я авалодала, але надвор’е кожны год падкідвае сюрпрызы. У экстранных умовах прыходзіцца дзейнічаць па-новаму, здымаць новыя паказчыкі і гэтак далей. Таму наша работа, хоць і лічыцца спакойнай, але не сумная.
Акрамя даных, што адсылаюцца ў Гідраметэацэнтр, на докшыцкай станцыі ствараюцца аграметэаралагічныя бюлетэні і даклады, якія падаюцца ў райвыканкам. Вядома, наш раён – сельскагаспадарчы, таму інфармацыя аграрнага характару вельмі важная. Тут нават можна прыгадаць выказванне: «Хто валодае інфармацыяй – валодае светам».
Калектыў на станцыі хоць і маленькі – 6 чалавек, але вельмі дружны, ён нават і па колькасці нагадвае сям’ю. Свой працоўны “дом” любяць і ўдасканальваюць: не так даўно паставілі новыя вокны і дзверы, адбудавалі падсобнае памяшканне на вуліцы, з`явілася новая агароджа. Галава докшыцкай метэаралагічнай “сям’і”, начальнік станцыі Валянціна Уладзіміраўна Крывічаніна рада павіншаваць паважаных калег і ветэранаў працы з надыходзячым святам. Жадае, каб у душы кожнага заўсёды быў вясновы настрой, а на тварах зіхацелі ўсмешкі. Каб кожны дзень прыносіў не толькі добрыя навіны, але і добрае надвор’е.
Таццяна МАЦЮШОНАК.
НА ЗДЫМКУ: Марына Яновіч здымае паказчыкі тэмпературы глебы – яны пакуль з мінусам, адтайвання, на жаль, няма.
Фота В. Чарвінскага.