Парафьяновские культработники — гордость Докшицкого края

Народны вакальны калектыў “Землякі” Параф’янаўскага СДК у 2011 годзе прымаў удзел у больш чым 30 канцэртах у раёне і за яго межамі. Драматычны калектыў гэтай установы культуры на абласным конкурсе “Тэатральныя далягляды вёскі” стаў уладальнікам двух дыпломаў.

Адметнасцю гэтага сельскага Дома культуры з’яўляецца яго мужчынскае кіраўніцтва. Сорак год працуе дырэктарам СДК  Вікенцій Скараход. Чвэрць стагоддзя яго нязменнымі памочнікамі, сябрамі і аднадумцамі з’яўляюцца Алег Каляга і Віктар Арлоўскі. Усе трое –  прафесіяналы, якія спяваюць, валодаюць музычнымі інструментамі, знаёмыя з драматычным мастацтвам. Маюць моцныя сем’і, вядуць здаровы лад жыцця і нястомна радуюць сваіх землякоў усё новымі і новымі творчымі прыдумкамі і здзяйсненнямі. І толькі нядаўна мужчынскі пачатак установы разбавіла акампаніятар Святлана Пашкоўская.

На працягу дзесяцігоддзяў Параф’янаўскі СДК  з’яўляецца сапраўдным ачагом культуры, работнікі якога любяць першымі спрабаваць усё новае, перадавое. Таму сюды ідуць людзі, збіраецца на дыскатэкі моладзь з усяго наваколля. Апошнія гады СДК праводзіць толькі платныя мерапрыемствы, але іх узровень настолькі высокі, што праходзяць яны пры поўным аншлагу. Дзякуючы гэтаму, план платных паслуг у 2011 годзе выкананы на 110 працэнтаў. За два месяцы сёлетняга года ён, у параўнанні з адпаведным перыядам мінулага года, вырас у тры разы.

У жамчужыне СДК – народным ансамблі “Землякі” – спявае 12 чалавек, столькі ж удзельнікаў значыцца ў дзіцячай вакальнай групе, дзе рыхтуецца змена для ансамбля. Працуе самы старэйшы ў раёне ансамбль народных інструментаў, а таксама фальклорны калектыў, вакальны квартэт. Набыў вядомасць тэатральны калектыў. Да двух  дзясяткаў набліжаецца колькасць удзельнікаў у аматарскіх аб’яднаннях “Верас” і “Непаседы”. Гэта пералік стабільна працуючых калектываў, але ў час падрыхтоўкі чарговага мерапрыемства колькасць самадзейных артыстаў павялічваецца ў 2-3 разы. У артыстах значацца не толькі вучні і настаўнікі, як гэта звычайна бывае, але і пенсіянеры, студэнты, бібліятэкары, работнікі гандлю, чыгункі, праваахоўных органаў і іншых галін дзейнасці. Работнікам культуры ўжо пад сілу праводзіць конкурс сярод жадаючых выйсці на сцэну ў любым амплуа.

Падобныя дасягненні не прыходзяць самі па сабе. Аўтарытэт установе культуры яе работнікі стваралі на працягу многіх год сваім талентам, прыстойнасцю паводзін, сур’ёзнымі і, разам з тым, творчымі адносінамі да працы. Плённая дзейнасць культработнікаў заўважана кіраўніцтвам ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, якое з’яўляецца пастаянным спонсарам мерапрыемстваў. Зараз прадпрыемства ўзяло на сябе аплату касцюмаў для народнага ансамбля “Землякі”.

Параф’янаўскія артысты, акрамя выступленняў у сваім СДК,  займаюцца актыўнай канцэртнай дзейнасцю. Яны частыя і жаданыя госці на раённай сцэне. Ім апладзіравалі гледачы ў Бярозках і Таргунах, Порплішчы і Сітцах, Ілаве і Бубнах. На сёлетні год у работнікаў культуры з Парф’янава яшчэ больш планаў. Няма сумнення, што ўсе яны будуць здзейснены. 

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: работнікі культуры Параф’янаўскага СДК (злева направа) В.Ф. Арлоўскі, В.Я. Скараход, А.П. Каляга і С.В. Пашкоўская.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *