Социальная ориентированность и человеческий фактор являются факторами успеха дела Татьяны Кучко из Докшиц

ЕН 1905 с

Крама “Кватра”, якая сумяшчаецца са швейнай майстэрняй, за  пяць гадоў без малога свайго існавання займела нямала прыхільнікаў і пастаянных кліентаў, якія высока ацанілі якасць прадукцыі і выконваемай работы, хуткасць выканання, прымальныя цэны і, канешне ж, ветлівае абслугоўванне. Гаспадыня крамы-майстэрні, індывідуальны прадпрымальнік Таццяна Кучко адзначае, што галоўнымі фактарамі поспеху справы з’яўляюцца сацыяльная арыентаванасць праекта і чалавечы фактар. Пра гэта пагутарылі з Таццянай Пятроўнай падрабязней.

Як усё пачыналася
А пачалося ўсё з таго, што дзяўчынцы Тані з Чырвонага Беразіна вельмі хацелася навучыцца шыць. Дома на той час швейнай машынкі не было, што магла, майстравала ўручную. На шчасце ў Доме піянераў працаваў гурток кройкі і шыцця, куды таленавітую дзяўчынку прынялі ўжо ў трэцім класе, хоць набіралі толькі з пятага. Кожны занятак быў для Тані святам, і яна ажно дзевяць гадоў, да выпуску са школы, старанна і карпатліва спасцігала навуку стварэння з тканіны адметных рэчаў. З цеплынёй згадвае сваю настаўніцу Валянціну Уладзіміраўну Гарадзёнак, якая навучыла яе ўсяму, што ўмела сама, а яшчэ – не баяцца эксперыментаваць, спрабаваць новае. Вось і ўсё – спецыяльнай адукацыі ў Таццяны Кучко няма, аднак яна ведае і ўмее не менш, чым дыпламаваныя спецыялісты. Так бывае, калі ёсць талент, прызванне і творчы пачатак.

Доўгі шлях да мары
– Пасля школы лёс “завёў” мяне ў бухгалтарскі ўлік, – распавядае Таццяна Пятроўна. – Атрымала вышэйшую адукацыю, якая аказалася патрэбнай не толькі тады, калі працавала па прафесіі добры дзясятак гадоў, але і ў маёй новай справе, – значыць, усё было недарэмна. Як і праца ў ТЦСАНе спецыялістам па сацыяльнай рабоце, бо ўменне наладжваць зносіны з людзьмі рэч таксама немалаважная. Спраўлялася і там, і там, але душа патрабавала творчасці, скажам так, свабоднага плавання.

Першапачаткова Таццяна планавала працаваць дома – шыць на заказ. Але пры падрабязным вывучэнні ўмоў такога роду дзейнасці, патрабаванняў да яе прыйшла да вываду, што аптымальнай будзе такая форма работы: швейная майстэрня плюс крама. Муж, індывідуальны прадпрымальнік у галіне будаўніцтва, падтрымаў і дапамог фінансава пачаць справу – за гэта бязмежна ўдзячная роднаму чалавеку.

photo_2026-03-16_11-36-19

“Кватра” сёння
Сучаснае абсталяванне. Гэта дазваляе праводзіць рамонт і дэкараванне любых відаў адзення, за выключэннем вырабаў з натуральнага футра і скуры, шыццё штор, гардзін, пасцельнай бялізны, падушак і г.д.

Якасная тканіна і шырокі выбар фурнітуры.

Лаяльныя цэны. Многія кліенты, прыязджаючы, скажам, у госці да бацькоў на Докшыччыну, робяць тут заказы, бо гэта ў разы танней, чым у буйных гарадах, а якасць, паўтаруся, на вышыні.

Дружны і творчы калектыў. Разам з Таццянай Пятроўнай працуюць вопытныя і высакакласныя швачкі Наталля Цімачка і Іна Іванова. “У нас цёпла і ўтульна ў прамым і пераносным сэнсе”, – у адзін голас сцвярджаюць майстрыхі. Жанчынам вельмі патрэбна яшчэ адна калега: такім чынам у Таццяны, якая шые нараўне са сваімі работніцамі, вызваліцца больш часу для адміністрацыйнай дзейнасці.

Прыемныя моманты
– Кожны чацвёрты, хто да нас заходзіць, гаворыць, што з’яўляецца нашым пастаянным кліентам, – пералічвае Таццяна Пятроўна. – Часта чуем: “Ой, ратуйце!” І поўная свабода спосабаў “ратавання” – нам давяраюць. Добрыя словы ў наш адрас – гэта які яшчэ прыемны бонус! Што яшчэ? У сваёй дзейнасці не маем спадаў – толькі “ўсплёскі” заказаў, напрыклад, перад Вялікаднем на цюль, шторы, перад выпускным балем, перад пачаткам навучальнага года – на падгонку адзення. Маем магчымасць бясконца вучыцца, бо рынак жа пастаянна дыктуе моду, магчымасць займацца не руціннай аднастайнай работай. Хтосьці з мудрых сказаў: “Знайдзі сабе справу па душы, і табе не давядзецца працаваць ніводнага дня”. Я і не працую – радасна жыву ў творчасці.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *