Республиканский субботник в Докшицах

Да дабрачыннай справы рэспубліканскага суботніка мелі ласку нават нябёсы. Інакш як растлумачыць тое, што менавіта 21 красавіка пасля чарады халодных дажджлівых дзён ярка засвяціла цёплае веснавое сонейка? Пад яго пяшчотнымі прамянямі спорылася праца па азеляненні, добраўпарадкаванні вуліц, плошчаў, сквераў, вытворчых тэрыторый, на якую актыўна, з энтузіязмам у дзень рэспубліканскага суботніка ў раёне выйшла каля 10 тысяч чалавек.

Адным з галоўных аб’ектаў у райцэнтры быў будучы сквер, які павінен аздобіць прыродны ландшафт вакол АЗС. Работы па падрыхтоўцы глебы, якія праводзіла на сваёй тэхніцы ААТ “Барсучанка”,  тут пачалася з ранку, задоўга да афіцыйнага пачатку суботніка. Праз некаторы час ужо была падсеена трава, і работнікі АЗС, упраўлення капітальнага будаўніцтва пачалі высаджваць па раней спланаванай разметцы саджанцы бяроз і клёнаў. Азеляненнем у гэты дзень займаліся вучні Докшыцкай СШ № 1, якія высаджвалі дрэўцы на зялёным лужку ля ветлячэбніцы. Яшчэ каля 150 дзетак з гэтай школы навялі парадак у парку ля яўрэйскіх могілак. Вучні Докшыцкай СШ № 2 разам з дырэктарам і настаўнікамі займаліся ачысткай зялёнай зоны ў раёне былога аўтадрому.

Ажывіўся ў гэты дзень гарадскі стадыён. На ім устанавілі валейбольныя сеткі, падрыхтавалі некаторыя спартыўныя збудаванні для летняга спартыўнага сезона. Прыемнае аздабленне ў выглядзе саджанцаў маладых дрэўцаў атрымала новая вуліца Палявая. Яе азеляненнем на суботніку займаліся работнікі РУП ЖКГ.
Шмат  чаго было зроблена ў зялёнай зоне на развілцы вуліц М. Горкага і Піянерскай. Школьнікі, медработнікі, камунальнікі займаліся вывазкай каранёў, якія выкінулі, калі чысцілі сажалку, а таксама пасадкай дрэўцаў, уборкай вуліц. Дарэчы, вуліцы мяліся і чысціліся па ўсім гарадскім перыметры, як і ўсе паркі і скверы.

Кіпела работа і на могілках. Асабліва шматлюдна было на каталіцкіх. Тут сабраліся вернікі разам з ксяндзом Марэкам Пасютам, якія прыбіралі пахаванні. Упраўляцца з рэшткамі спілаваных дрэў ім дапамагалі работнікі РУП ЖКГ.

Прыняўшы ўдзел у суботніку, раён зарабіў 148 мільёнаў 400 тысяч рублёў. Палова гэтых грашовых сродкаў будзе накіравана Міністэрству культуры для будаўніцтва новага будынка музея Вялікай айчыннай вайны ў Мінску. Другая палова заробленых грошай будзе адпраўлена на падрыхтоўку аздараўленчых лагераў да летняга сезона.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота А. Варанковіча.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *