Вясенні апетыт глебы

Перад хлебаробамі раёна стаіць задача атрымаць 113 тысяч тон зерневых у бункернай вазе, па 12 тысяч 700 тон рапсу і бульбы, 700 тон ільновалакна, 1700 тон агародніны, 765 тысяч тон кармавых адзінак травяных кармоў. Асноўнымі ўмовамі забеспячэння такога валавога збору з’яўляюцца высакаякаснае насенне, запраўка палёў неабходнай колькасцю мінеральных угнаенняў, належная абарона раслін ад хвароб і шкоднікаў, правядзенне сяўбы ў аптымальныя тэрміны. Па словах  намесніка начальніка райсельгасхарчу па раслінаводстве Людмілы Бальчэўскай, якаснага насення ў раёне дастаткова. Пад поўную патрэбнасць купілі  пратручвальнікі насеннага матэрыялу. А вось з закупам мінеральных угнаенняў ёсць пэўныя праблемы. Пакуль забяспечаны імі на 76 працэнтаў. Самым танным угнаеннем з’яўляецца арганіка. План па яе нарыхтоўцы і ўнясенні раёнам выкананы і перавыкананы. Толькі за папярэдні дзень было ўнесена ў глебу 970 тон. Да работы ў полі падрыхтавалі тэхніку. Прадумалі кожную дэталь у арганізацыі працы. Каб укласціся ўжо ў сціслыя тэрміны сяўбы, арганізавалі двухзменны рабочы дзень. З шасці гадзін раніцы тэхніка ў полі. Працуе ўвесь светлавы дзень, а то і шэранню. З пастаўленымі задачамі сельгаспрадпрыемствы настроены справіцца. І, тым не менш, калі ўлічыць аднолькавыя ўмовы надвор`я  і ўмовы працы, то вынікі атрымліваюцца розныя. Стракатасць у зводцы назіраецца па ўсіх відах работ.

Напрыклад, першае, да чаго прыступілі гаспадаркі раёна, стаў падсеў шматгадовых траў пад азімыя зерневыя культуры. Па стане на 16 красавіка ў сярэднім было падсеяна 56 працэнтаў да плана. На гэту дату справіліся з заданнем у ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” і ААТ “Замастачанскае”. Блізкія  да завяршэння ў КУСГП імя Чэрныша (93 працэнты), ДП “Порплішча” (86 працэнтаў), СГФ “Бягомльскі” (85 працэнтаў).

Азімыя зерневыя з зімы выйшлі здавальняюча. Праўда, каб валавы намалот склаў патрэбную колькасць, іх трэба падкарміць. Дакшычане з гэтым не марудзяць. Знаходзяцца ў ліку лепшых сярод раёнаў вобласці. У разрэзе гаспадарак лідарам стала ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, дзе падкормку завяршылі пару дзён таму. Высокімі тэмпамі працуюць на азімых зерневых у ААТ “Таргуны”: падкормлены на 74 працэнтах да агульнай колькасці. Пастаянна задзейнічана справай новая “Дзвіна” ў КУП “Докшыцкі”. Тут, як ніколі раней, падкормка азімых вядзецца на высокім узроўні.  

Да падкормкі азімага рапсу прыступілі толькі чатыры гаспадаркі: ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс”, ДП “АграБераснёўка”, ДП “АграСітцы” і СГФ “Бягомльскі”. Згодна з дадзенымі зводкі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання, актыўна працавалі ў названых гаспадарках нават у святочны дзень, выкарыстоўваючы пагодлівыя хвіліны.

Усе гаспадаркі раёна ўносяць азот на травяныя ўгоддзі. Праўда, зноў жа ў розным аб’ёме. Калі ў ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” унесены азот на плошчы 1752 гектары, то ў ДП “Порплішча” толькі на 50-ці. 127 гектараў траў падкармілі азотам у КУСГП імя Чэрныша, 170 – у ДП “Гняздзілава-Агра”, па 360 гектараў – у ААТ “Таргуны” і ААТ “Замастачанскае”. Адчуваецца недахоп агрэгатаў на пнеўматычным ходзе (“Раса”, “Дзвіна”). Напрыклад, у ААТ “Таргуны” і ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” учора працавалі па дзве тэхнічныя адзінкі, па адной – у ДП “АграБераснёўка”, ДП “АграСітцы” і КУП “Докшыцкі”.  

Сяўбу яравых культур пачалі ўсе сельгаспадаркі раёна. Па стане на 16 красавіка было засеяна 1098 гектараў – пачатак стрымлівалі неспрыяльныя кліматычныя ўмовы. Каб укласціся ў аптымальныя тэрміны, неабходна кожны дзень сеяць 7 працэнтаў ад агульнай плошчы да запланаванага. Сяўба знаходзіцца ў пачатковай стадыі, а таму да названай лічбы ніхто пакуль яшчэ не набліжаецца.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *