Турнір па міні-футболе

У мінулую суботу, 7 красавіка, спартыўная зала санаторыя “Лясное” прымала ўдзельнікаў традыцыйнага міжгародняга турніру па міні-футболе. На спаборніцтвы з’явіліся 6 каманд з Браслава, Пастаў, Міёр, Шаркаўшчыны, Глыбокага і Докшыц.

Падтрымаць докшыцкіх футбалістаў прыехалі намеснік старшыні райвыканкама Валянціна Рандарэвіч, начальнік АФКСіТ райвыканкама Сяргей Кашчэеў, выконваючы абавязкі дырэктара РВУ “Докшыцырайгаз”(якое спансіравала докшыцкую каманду) Уладзімір Гмырак і старшыня ФСК «Уражай» Барыс Рандарэвіч.

Спачатку гулялі ў дзвюх падгрупах. Потым адбыліся паўфінальныя і фінальныя матчы, якія вызначылі лідараў. Першае месца заваявалі шаркаўшчане, другое — занялі пастаўчане, трэцяе месца забрала міёрская каманда. Докшыцкія футбалісты занялі пятае месца.

Начальнік аддзела фізічнай культуры спорту і турызму райвыканкама Сяргей Кашчэеў падзякаваў Яўгенію Палячонку за важкую дапамогу ў арганізацыі турніру. Усе ігракі і арганізатары мерапрыемства ўдзячныя адміністрацыі і галоўнаму ўрачу санаторыя “Лясное” за магчымасць гуляць у добрай зале.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: момант гульні.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *