Заўсёды ў лепшых


Яўгену Модалю за сваё жыццё давялося працаваць у дзвюх арганізацыях: спачатку ў райсельгастэхніцы, потым – у ДРБУ № 180. Дарожнікам стаў у 1989 годзе, калі райсельгастэхніка трапіла пад рэарганізацыю. Але з гэтым пераходам яго працоўныя абавязкі практычна не змяніліся, зваршчыку ўсюды адна работа. Ён жа быў майстарам першакласным, шво клаў роўнае і моцнае. Лічыўся перадавым работнікам арганізацыі.

Калі адпрацаваў зваршчыкам замест аднаго дазволенага тэрміну два, Яўгену Віктаравічу прапанавалі пайсці вадзіцелем. Зараз ён на сваёй “Газэлі” калясіць па ўсёй рэспубліцы: дастаўляе запчасткі, будматэрыялы. Ездзіць адзін, без суправаджэння. Галоўны інжынер прадпрыемства Уладзімір Місачэнка сцвярджае, што Модаль у стане выканаць любое заданне. Ён умее хутка адшукаць патрэбную фірму, правільна аформіць  дакументы, каб у найкарацейшы тэрмін вярнуцца дадому.

Работнік ён добрасумленны,  дысцыплінаваны, чалавек – надзейны. Каб атрымаць давер кіраўніцтва і павагу таварышаў па працы, вялікіх намаганняў прыкладаць не прыйшлося: працавітасці яго вучылі бацькі, а прыстойнасцю надзяліла прырода. Кіпучая энергія, кемлівасць – таксама ад яе. Усё разам узятае садзейнічала адпаведнаму прызнанню працоўных заслуг. Сёлета Яўген Віктаравіч Модаль быў удзельнікам раённага злёту перадавікоў народнай гаспадаркі. Яго імя занесена на раённую Дошку гонару.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКУ: вадзіцель ДРБУ № 180 Я.В. Модаль.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *