Парадак там, дзе яго наводзяць

Вёска Пустаселле, што на тэрыторыі Бярэзінскага сельсавета, – адна з тых, у якой пражывае невялікая колькасць людзей. Прычым, у асноўным — пажылыя. У такім выпадку маецца пэўная колькасць закінутых трухлявых дамоў, зарослая пустазеллем тэрыторыя. Колькі пра гэта ні гаворыцца з трыбун рознага ўзроўню, колькі ні звяртаюцца да ўладальнікаў старых сядзіб з настойлівай просьбай навесці парадак, вёскі нашы, трэба сказаць праўду, патрабуюць догляду. Амаль што асноўнымі даглядальнікамі за парадкам сталі мясцовыя выканаўчыя камітэты альбо «шэфы», за якімі вёскі замацавалі.

Пустаселле стала падшэфнай філіяла № 1 РУП ЖКГ “Докшыцы-камунальнік”. Менавіта на іх сумленне ўскладзены абавязак навесці там адпаведны парадак па добраўпарадкаванні. Узяліся за справу камунальнікі добрасумленна (на здымку). За тры дні работы, а выязджалі ў вёску ад пяці да сямі чалавек, вывезлі 7 трактарных прычэпаў смецця, ліквідавалі 4 звалкі бытавога смецця. Камунальнікі расказваюць, што адна справа высякаць кустоўе, а другая – убіраць за кімсьці пластыкавыя ды бітыя шкляныя бутэлькі з-пад  розных напояў, бляшанкі з-пад кансерваў, пакеты і шмат іншага. Наталля Броўка, спецыяліст РУП ЖКГ,  узяла на сябе адказнасць і прайшлася па хатах вяскоўцаў з прапановай трымаць свае прыдамавыя тэрыторыі ў парадку: смецце не выкідваць за вугал, як да гэтага часу было, а збіраць у мяшкі, іншую тару і загружаць у трактарны прычэп. ААТ “Таргуны” для гэтай мэты раз у месяц выдзяляе тэхніку.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *