Чацвёрты ксёндз з Докшыччыны
Гэтымі днямі ў касцёле Найсвяцейшай Тройцы ў г. Докшыцы, брат-дыякан з Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў Алег Вайцяховіч з рук біскупа Кірыла Клімовіча, пастыра дыяцэзіі св. Юзафа ў Іркуцку прыняў святарскае пасвячэнне.
Алег Вайцяховіч нарадзіўся 21 верасня 1985 года ў в. Порплішча Докшыцкага раёна. У Ордэн Меншых Братоў Капуцынаў уступіў у 2003 годзе, адразу пасля заканчэння Парплішчанскай школы. Вечныя шлюбы склаў у 2010 годзе ў Докшыцах, дыяканскае пасведчанне атрымаў у 2011 годзе ў Закрочыне (Польшча). У 2012 годзе скончыў Люблінскую Вышэйшую семінарыю. Для докшыцкай зямлі гэта чацвёрты свой каталіцкі святар. Трое папярэдніх родам з Валкалатчыны.
– Першыя думкі стаць святаром у мяне з’явіліся ў той час, калі я быў міністрантам і мы не мелі ў парафіі свайго святара, айцец Тадэвуш Кавальскі прыязджаў да нас з Докшыц, – успамінае сёння айцец Алег. – Ужо ў адзінаццатым класе я стаў больш цікавіцца жыццём Ордэна Меншых Братоў Капуцынаў, прымаў удзел у супольных сустрэчах і ў адзін момант адчуў у сваім сэрцы, што Езус кліча мяне, і я стаў Яго слугой.
Урачыстая святая літургія сабрала шматлікіх гасцей, як з-за мяжы, так і беларускіх святароў, сясцёр і братоў законных, а таксама блізкіх і родных дыякана, якія пажадалі раздзяліць вялікую радасць разам з ім.
Напачатку літургіі віцэ-правінцыяльны Міністр капуцынаў Беларусі айцец Андрэй Жылевіч прывітаў усіх гасцей, біскупа Кірыла, які ў 90-х гадах быў пробашчам Алега Вайцяховіча ў парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы ў вёсцы Порплішча. Менавіта з рук сённяшняга біскупа маленькі хлопчык Алег прыняў сваю першую святую Камунію.
– Святар прыходзіць з людзей, а потым усё сваё жыццё ім жа служыць. Каталіцкія святары пасланы да кожнага чалавека, хто шукае праўды, каб абвяшчаць Божае слова. Няхай тваё навучанне будзе ежай для народу Божага, і тут не павінна быць нацыянальных і рэлігійных абмежаванняў, – з такімі словамі звярнуўся біскуп Клімовіч да наваабранага святара.
На другі дзень пасля пасвячэння айцец Алег Вайцяховіч адслужыў прыміцыйную (першую ў сваім жыцці) святую літургію ў сваёй роднай парафіі Найсвяцейшай Панны Марыі Каралевы ў Порплішчах. Павіншаваць і падтрымаць свайго земляка прыйшло шмат аднавяскоўцаў, сярод якіх былі і яго школьныя настаўнікі.
Таццяна Шульгат.
На здымку: айцец Алег Вайцяховіч.
Фота аўтара.