Кормозаготовка в сельхозпредприятиях Докшицкого района идет надлежащими темпами

Віктар Суднік і Пётр Каляга.

Віктар Суднік і Пётр Каляга.

Сёлетні ранні пачатак касавіцы дае станоўчыя вынікі: усе сельгаспрадпрыемствы раёна плюсуюць па колькасці нарыхтаваных цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. У ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” гэты паказчык у параўнанні з адпаведным за мінулы год павышаны практычна ўдвайне, з 4,89 ц.к.адз. да 9,25.

Днямі наведаліся на 126-гектарнае поле гаспадаркі ва ўрочышчы Грынеўшчына, дзе завяршаліся работы па корманарыхтоўцы. Цэлы атрад механізатараў працаваў на бяскрайніх прасторах зялёных палеткаў з густой сакавітай травой.

З вялікай цеплынёй і павагай гаварыў пра руплівых аграрыяў галоўны аграном райаграсэрвіса Андрэй Янчак.

– План першага ўкосу ў нас – 2000 гектараў, – паведаміў Андрэй Генрыхавіч. – Усе яны – на рахунку Віктара Судніка, які ад зары да зары шчыруе ў полі з касілкай. А згроб травы на такой велізарнай плошчы Пётр Каляга. Здрабняе іх на зялёную масу на “Ягуары” Уладзімір Лаўцэвіч, тэмп і якасць работы якога таксама не патрабуе каментарыяў, – гэта ўжо своеасаблівы брэнд. На адвозцы старэйшы і малодшы Аляксандры Суднікі – можна сказаць, цэлае сузор’е перадавікоў, а гэта значыць, людзей адказных, якія перажываюць за справу і з’яўляюцца ў ёй высакакласнымі прафесіяналамі. Увогуле нізкі паклон усім нашым механізатарам, якія маюць у гэтыя часы вялікую нагрузку і годна спраўляюцца з пастаўленымі задачамі.

Галоўны аграном адзначае, што, закладваючы траншэю ў Палянях, трактарысты, канешне, трацяць у нейкай ступені больш часу на адвозку зялёнай масы. Аднак будзе значная эканомія часу ў далейшым, бо, каб навазіць зараз кармоў на МТК “Альхоўка”, дзе пагалоўе БРЖ больш за тысячу, да абеду патрэбна задзейнічаць 2-3 адзінкі тэхнікі. Дарэчы, у гаспадарцы на сённяшні дзень самы высокі паказчык закладкі сенажу ў палімерную ўпакоўку: пры плане 1000 тон – 570.

– Два тыдні ў сярэднім у нас да пачатку ўборкі ячменю, і за гэты час паспеем зрабіць яшчэ многае, хоць і адрываемся ад касавіцы на іншыя работы, – працягвае Андрэй Генрыхавіч. – Вядзём хімпраполку кукурузы, за месяц вывезлі на палі КУСГП “АграСітцы” і ўнеслі 770 тон даламітавай мукі. Днямі набылі гербіцыды пад рапс – абавязкова будзем павялічваць плошчы пад сяўбу азімага, купім высокапрадукцыйныя гібрыды. Гэта клопатна, але вельмі прыбыткова, што дае надзею на паляпшэнне фінансавага становішча нашай арганізацыі. Што ж датычыцца кармоў, то, мяркую, мы зможам забяспечыць імі пагалоўе ў дастатковай колькасці. Далей ужо справа за жывёлаводамі.

Алена НЕСЦЯРОНАК.
Фота Вячаслава Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *