Девяностолетний ветеран из Докшиц не ждёт помощи со стороны

У панадворку дружна карагодзіў са статкам курэй ярка-чырвоны певень. За плотам, расцяліўшыся дываном, цвілі маргарыткі і гваздзікі. Паблісквалі рознымі колерамі і пакаёвыя кветкі, якія цесна стаялі на падаконніку. Нічым нельга было вызначыць, што жыве тут адзінокі дзевяностагадовы мужчына. Ды на такі ўзрост ён і не выглядае.

Віктар Пятровіч Крупскі (на здымку) – жыхар вёскі Кляпіцы. Тут нарадзіўся, вырас, пайшоў на вайну. Тут вырасціў дзяцей, а цяпер сустракае ўнукаў.

– Ёсць дзе жыць у горадзе, – гаворыць Віктар Пятровіч. – Дочкі настойліва раяць перабірацца ў кватэру гарадскую, з усімі выгодамі, цёплую і ўтульную. А я  не хачу. Навошта мне тая клетка? Тут я – гаспадар сваёй сядзібы. Без мяне ёй будзе дрэнна: струхнее, мышы пойдуць, пагрызуць шпалеры, сцены. Куды ж тады будзе прыехаць унучкам? Тут у мяне і пчолы ёсць, якія кормяць гараджан мёдам. Урэшце, мне тут проста добра.

І ўсё ж, як адчулася затым у размове, сумнавата жыць аднаму. Жонку, з якой пражыў душа ў душу, пахаваў 6 гадоў назад. Шкадуе яе і цяпер. Разам нажылі пяць дачок. Выхавалі іх належным чынам. Цяпер яны кожныя два тыдні бываюць на вотчыне. Парадак у хаце навядуць. Бялізну памыюць. А колькі гасцінцаў розных прывозяць! Толькі па хлеб ходзіць у аўталаўку сам.

Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Віктару Крупскаму было 19 гадоў. Памятае тыя часы сённяшні ветэран добра.   Першыя дні вайны былі вельмі цяжкімі. Немец наступаў бліскавіцай. У нядзелю напаў на Савецкі Саюз, а ў сераду ўжо быў  тут. Кругом паніка, страх, жудасць. Бамбілі аэрадром, які быў у Малажанях. Людзі ўцякалі, хто куды.

Паніка хутка знікла, пачалося супраціўленне. Ужо  ў канцы чэрвеня 1941-га на тэрыторыі БССР дзейнічалі 4 партызанскія атрады, а ў канцы года было 99 атрадаў і 100 партызанскіх груп. Узроставага бар’еру для ўдзелу ў партызанскім руху не было, а таму 16-гадовы юнак разам са сваімі равеснікамі пайшоў змагацца з ворагам. У гэты час вёску Кляпіцы, як і многія іншыя, немцы спалілі. Старыя ды жанчыны перасяліліся ў іншыя населеныя пункты да сваякоў і знаёмых.

Базіраваўся атрад, у якім змагаўся Крупскі, у Астраўцы, непадалёку ад станцыі Гудагай. Там была разгорнута асноўная партызанская дзейнасць іх атрада. Пасля вызвалення Беларусі, Крупскі трапіў у танкавую часць. На перадавой не быў, нюхаў порах са ствалоў “параненых” танкаў. Віктар Пятровіч рамантаваў ваенную тэхніку, даваў новае жыццё танкам і нават самалётам (іншы раз вялі рамонт матораў) і тым самым дапамагаў змагацца з ворагам.

Як і ўсе юнакі 1922 года нараджэння,  пасля перамогі яшчэ служыў. Дамоў вярнуўся ў 1947 годзе. На месцы былога папялішча ўжо стаяла невялікая хацінка, якую зрубіў бацька. Былым салдатам у той час давалі па  20 кубоў лесу на будоўлю, і Віктар дабудаваў да хаты трысцен. У гэтым доме жыве  і цяпер.

Колькі б чалавек на свеце ні жыў, здаецца, што адно імгненне. Душа маладая, памяць трымае ў галаве многае, а вось стома адчуваецца, калі папрацуе. Наш герой яшчэ сам даглядае 15 пчола-сем’яў, на матаблоку апрацоўвае прысядзібны надзел, садзіць бульбу. Мабыць, і не трымаў бы жыўнасць, але ж трэба бульбу скарміць. Як кажуць, адна работа за другую чапляецца. У сацработніку ветэран вайны і працы не мае патрэбу, ні на што не скардзіцца, нічога не патрабуе, не назаляе нікому вочы. Жыве размерана і спакойна.

На квяцістай кляёнцы, што разаслана на стале, стаяць імпартныя вітаміны. Гэта ўнучка прывезла дзядулю з-за мяжы. А між тым, у яго 8 унукаў і ўсе яны атрымалі вышэйшую адукацыю. Цешыцца сваімі нашчадкамі Крупскі і лічыць, што нягледзячы на цяжкасці, жыццё ў яго склалася добра.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *