Докшицкая «Катюша» идет вперед

Клуб “Кацюша”, які быў створаны пры Тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва райвыканкама з мэтай аб’яднання ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, зараз аб’ядноўвае ветэранаў працы. Яны поўнасцю падтрымліваюць закладзеныя ў яго ідэі і традыцыі. Адным з любімых заняткаў кацюшаўцаў з’яўляецца наведванне гістарычных і памятных месцаў роднага краю. Яны абкалясілі, лічы, усю Беларусь. Нядаўна  з’ездзілі ў Мінск, дзе пабывалі ў манастыры Святой прападобнай Вялікай Княгіні Елізаветы, які быў узведзены параўнальна нядаўна, у 1999 годзе. Паглядзелі экспазіцыю “Беларускае паазер’е”, што створана ў Беларускім дзяржаўным музеі архітэктуры і быту ў вёсцы Азярцо, непадалёку ад Мінска. Што засталося ў памяці кацюшаўцаў пасля экскурсіі? Дзеляцца ўражаннямі:

Лілія Махонь:
– Сястрынства, што створана  ў гонар святой прападобнамучаніцы Вялікай Княгіні Елізаветы, – гэта апостальская праца. Манашкі апякуюць Рэспубліканскую псіхіятрычную бальніцу, псіханеўралагічны інтэрнат для дарослых, Дом-інтэрнат для дзяцей-інвалідаў з асаблівасцямі псіхафізічнага развіцця і некаторыя іншыя ўстановы. Каля вёскі Лысая гара, у межах 30 кіламетраў ад манастыра, знаходзіцца падвор’е, дзе знайшлі новае жыццё і сустрэлі Бога людзі, якія не так даўно не мелі свайго прыстанішча, пабывалі ў розных крытычных сітуацыях.

Сёстры ў Хрысце стараюцца служыць і сеяць вечнае, не чакаючы ад сваіх добрых спраў узнагароды. Пра гэта не грэх памятаць кожнаму з нас і жыць так, як сказаў старац Амвросій: “Не гараваць, нікога не асуджаць, нікому не назаляць і да ўсіх адносіцца з павагай”.

Клаўдзія Вайцяховіч:
– Пасля  расказу пра Вялікую Княгіню, шлях якой падобны на сонечны прамень, які сваім цяплом сагравае ўсіх, у аўтобусе мы разважалі пра сваё жыццё.  Колькі на свеце людзей, якія не ведаюць, навошта жывуць, што пакінуць пасля сябе на зямлі. Вось Елізавета нарадзілася ў багатай сям’і, расла ў дастатку. Ведала музыку, мастацтва, аднак – і кошт працы. Была простая і сумленная, спачувала людзям хворым і пакрыўджаным. Старалася ва ўсім ім дапамагаць. Замуж выйшла за расійскага князя, а ў пасаг прывезла не толькі каштоўныя падарункі, але і  сэрца, поўнае ласкі і дабрыні. Пасля смерці мужа княгіня вырашыла поўнасцю прысвяціць сябе служэнню Богу і бліжнім – стала манашкай. Шчасце бачыла ў дапамозе нямоглым. А як жывём мы? Часцей за ўсё, апрача сваіх праблем, нічога не бачым.

Валянціна Марковіч:
– Музей пад адкрытым небам “Азярцо” на першы погляд нічога новага не адкрыў. Калекцыя рэліквій XVII-XX стагоддзяў, помнікі народнай архітэктуры, прадметы быту, вырабы дэкаратыўна-прыкладнога мастацтва… Яны характарызуюць матэрыяльную і духоўную культуру Беларусі, паказваюць жыццё нашых дзядоў і прадзедаў. Прыемна было паглядзець, напрыклад, на сядзібу заможных гаспадароў з Будзічаў Валкалацкага сельсавета, мажары са Струкоў, іншы інвентар нашых землякоў.

Францішка Гінько:
– Не столькі важна, што і калі паглядзім, куды з’ездзім. Галоўным для большасці з нас з’яўляецца тое, што мы разам, а не сам-насам. Людзям ва ўзросце хочацца нейкіх зносінаў, разумення таго, што ты камусьці патрэбны, што жыццё ў гэты перыяд не менш цікавае, чым у маладосці. Дасягнуць гэтага ў нас атрымліваецца.

У жніўні кацюшаўцы будуць адзначаць чарговы дзень нараджэння свайго клуба. Загадзя рыхтуюць святочную праграму, а таксама паездку ў Бярэзінскі біясферны запаведнік.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *