Аптымальныя тэрміны — складаемае поспеху
Да 20 верасня, згодна з парадамі вучоных, трэба завяршыць сяўбу азімых збожжавых культур. Захаваць усю тэхналогію вырошчвання – значыць зрабіць задзел для высокага ўраджаю. Менавіта такая задача пастаўлена райсельгасхарчам перад сельгасвытворцамі раёна. У гэтым кірунку асабліва актыўна працуюць тыя хлебаробы, якія справіліся з уборкай хлеба. Напрыклад, у ДП “Гняздзілава-Агра” па стане на 27 жніўня жніво было завершана. На 92 працэнтах плошчы была ўбрана салома, якой нарыхтавана для розных мэт на перыяд зімняга стойлавага ўтрымання жывёлы 1028 тон.
У комплексе асенніх палявых работ асаблівая ўвага звернута на падрыхтоўку глебы пад сяўбу (унясенне гліфасатаў, ворыва) і на самую сяўбу. У дзень нашага прыезду ў дзяржпрадпрыемстве амаль усе трактары былі задзейнічаны на палявых работах. Механізатар Аляксандр Шопат, якога вы бачыце на здымку, сеяў азімае жыта. Дарэчы, на сяўбе ён заняты і вясной, і ўвосень. Свой магутны “Беларус-2822” з сеяльным агрэгатам “АПП-6” да работы падрыхтаваў сам і цяпер працуе ўвесь светлавы дзень без паломак і вымушанага прастою. Гарачае харчаванне два разы на дзень прывозяць на месца работы. Яно каларыйнае, смачнае і ў дастатковай колькасці. Прафкамітэт на чале з С.М. Осіпавай дбайна кантралюе ўмовы працы і забеспячэнне рабочых усім неабходным, згодна з умовамі калектыўнага пагаднення.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.