В столовой ГП «Порплище» для механизаторов готовят вкусные обеды
Час уборачнай для механізатараў самы складаны. Шмат сіл патрабуе і вытрымкі. У даўнія часы набрацца сіл і энергіі дапамагаў выпіты збан свежага малака, які прама ў поле працаўнікам прыносілі гаспадыні.
У наш час адным толькі малаком сыты не будзеш. Пра гэта добра ведаюць жанчыны, якія працуюць у сталовай ДП “Порплішча”, таму комплексныя абеды тут рыхтуюць вельмі апетытныя і смачныя, а галоўнае – разнастайныя. У гэтым пераканаліся і мы.
Загадчыца сталовай Святлана Зарэмба, якая працуе тут ужо 20 год, сустрэўшы нас з прыветлівай усмешкай, на пытанне: што гатуеце і для каго, адказала:
– З пачатку сакавіка і аж да самага канца верасня ў нашых работнікаў гэта самая напружаная пара. З 7-мі гадзін пачынаецца рабочы дзень і ў нас, трэба паспець згатаваць абеды для механізатараў сваёй гаспадаркі, а таксама ААТ “Барсучанка” і КУП “Докшыцкі”. Напрыклад, калі ў меню катлеты, то іх трэба зрабіць 400-500 штук. Сёння ў нас гарохавы суп і каша з каўбасой. А ўвогуле, кожны дзень стравы новыя, стараемся, каб яны на працягу тыдня не паўтараліся. Мае памочніцы – Аксана Сіўцэвіч, Валянціна Залатуха, Тамара Баброўская і Святлана Гапанёнак – выдатна спраўляюцца са сваёй работай. Дзяўчаты гатуюць гуляш, катлеты, шніцэль, тушанае мяса, каўбаскі, разнастайныя супы, халаднікі і гарніры. Калі-нікалі балуюць нават галубцамі і клёцкамі. Першы абед гатовы ўжо ў 10, другі – у 15 гадзін. Яны адвозяцца ў тэрмасах, таму надоўга застаюцца гарачымі, быццам толькі што з пліты.
За ўсю гэту смакату нашы хлебаробы вельмі ўдзячныя жанчынам-поварам. Напэўна, каб у полі было месца кнізе скаргаў і прапаноў, то ў ёй былі б пакінуты толькі станоўчыя водгукі і словы падзякі.
Няшмат часу засталося да восені, а там — і зіма. У гэты перыяд года ў работнікаў сталовай ёсць больш часу на выпечку пончыкаў, беляшоў і духмяных булачак, якія карыстаюцца попытам у мясцовых жыхароў і разыходзяцца на “ўра”.
На здымку: Тамара Баброўская і Аксана Сіўцэвіч: абед — гатовы!
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.