Докшицкие бээрсээмовцы празднуют юбилей

6 верасня 2002 года на з’ездзе ў Мінску аб’ядналіся дзве самастойныя маладзёжныя арганізацыі – Беларускі патрыятычны саюз моладзі і Беларускі саюз моладзі. Новае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне атрымала назву Беларускі рэспубліканскі саюз моладзі.

Створаная структура стала пераемніцай лепшых традыцый сваіх папярэднікаў: ЛКСМБ, БПСМ і ўнесла шмат новага ў справу грамадзянска-патрыятычнага выхавання моладзі, яе працаўладкавання, развіцця валанцёрскага руху, культурнай арганізацыі вольнага часу, актыўнага засваення Інтэрнэт-прасторы.

Сваё дзесяцігоддзе святкуе і раённая арганізацыя ГА “БРСМ”, якая ў сваіх радах налічвае сёння 920 маладых людзей. Большая частка з іх – гэта старшакласнікі, але шмат і маладых спецыялістаў, працуючай моладзі. Усе яны жадаюць адчуваць сябе запатрабаванымі ў грамадстве, напоўніць сваё жыццё разнастайнымі цікавымі справамі. Дзякуючы членству ў БРСМ, маладыя людзі прымалі ўдзел у конкурсах “Школьны марафон”, “Лідар – новае пакаленне!”, злёце выпускнікоў, ваенна-спартыўнай гульні “Зарніца”, акцыях “За Беларусь”, “Мы – грамадзяне Беларусі”, “Міласэрнасць”, “Сонечны круг”. Саюзная моладзь кожнае лета адпачывае і працуе ў валанцёрскім лагеры “Выток”, у складзе атрада дружыннікаў дзяжурыць на дыскатэках і ў іншых месцах масавага адпачынку. Яе таленавітыя прадстаўнікі прымалі актыўны ўдзел у рэспубліканскім праекце “Агонь танца” на “Славянскім базары ў Віцебску”, якому папярэднічалі раённыя конкурсы электратанцаў. Сваю грамадзянскую пазіцыю маладыя грамадзяне дэманстравалі ў час флэш-мобаў і іншых грамадзянска-патрыятычных акцый.

Работа з моладдзю заўсёды была цікавай і патрэбнай грамадству. Нездарма ў БПСМ і  БРСМ працавалі і працуюць людзі неардынарныя, актыўныя, добрыя арганізатары і сябры моладзі. Саюз моладзі даў пуцёўку  ў  жыццё, стаў добрай школай у рабоце з людзьмі для Валянціны Рандарэвіч, Генадзія Парцянкі, Сяргея Шчалкунова, Алены Модаль, Алены Таляронак, Ігара Ляйчынскага, Святланы Лабынька, Таццяны Гапанёнак, Святланы Ганчарэнка, Вадзіма Кішулькі, Наталлі Сташэвіч, Таццяны Клігус, Таццяны Волгінай і іншых.

Час, у якім мы жывём, цікавы. Скарыстаць усе яго магчымасці, падарыць сябе грамадству праз патрэбныя яму справы дазваляе правапераемнік камсамола  – БРСМ. У руках маладых лёс будучыні, а значыць, і лёс нашай краіны.

Д. ЧУВАХОЎ,
першы сакратар РК ГА “БРСМ”.

НА ЗДЫМКУ: валанцёры лагера «Выток» .

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *