Пара из Докшицкого района регистрировала брак в больничной палате

 Рэгістрацыя шлюбу Наталлі Мікіцевіч і Анатолія Прускага ў Тумілавіцкім сельсавеце была запланавана на 1 верасня. Незадоўга да гэтага дня нявеста трапіла ў Полацкую бальніцу і знаходзілася там на лячэнні, аднак да знамянальнай суботы, як запэўнівалі ўрачы, спадзявалася вылечыцца. Таму рэгістрацыю не адмянялі. Родныя актыўна рыхтаваліся да ўрачыстасці. Літаральна за дзень да вяселля з бальніцы паведамілі, што з-за прычыны пагрозы здароўю забараняюць Наталлі ехаць да дому. Навіна шакіравала: да свята практычна ўсё было гатова, у сталовай поўным ходам круцілі рулеты, з’язджаліся госці. Ахавае становішча выратавала кіраўнік спраў Тумілавіцкага сельвыканкама Валянціна Наско. Яна сказала: калі нявеста не можа прыехаць да нас, значыць мы паедзем да яе, і рэгістрацыя адбудзецца!

Раніцай у суботу жаніх ужо стаяў пад сельвыканкамам з букетам пры парадзе. У машыны грузілі патрэбныя абрадавыя атрыбуты. Святочным картэжам са сведкамі, бацькамі і гасцямі рушылі ў Полацк.
У бальніцы на прыбраных гасцей глядзелі, як на дзіва. Аднак, зразумеўшы становішча, хутка з’арыентаваліся. Медсёстры разам з урачамі на хаду прыдумлялі працэдуру выкупу. Прымусілі маладога крычаць нявесце ў акно пра каханне і не скупіцца з шампанскім і цукеркамі. Пры галоўным  уваходзе, як паложана,  нават сустрэлі з хлебам і соллю. У якасці абрадавай залы дазволілі выкарыстаць ардынатарскую. Пакуль у палаце Наталля апранала вясельную сукенку, рабіла прычоску і макіяж,  Валянціна Пятроўна дэкарыравала бальнічны пакой прывезенай атрыбутыкай.

Рэгістрацыя прайшла ў прысутнасці ўрачоў, медперсаналу і пацыентаў. Абрад доўжыўся хвілін сорак. Як і паложана па традыцыі, пад вальс Мендэльсона маладыя заходзілі ў “залу”, станавіліся на ручнік, адзявалі адзін аднаму кольцы, давалі клятву вернасці, запальвалі свечкі і танцавалі першы свой сямейны вальс.

Лечачы ўрач Наталлі не ўтрымалася і папрасіла слова для віншаванняў. Потым многа фатаграфавалася з маладымі, каб паверылі калегі яе расказам пра святочнае здарэнне ў бальніцы. Пад наглядам урачоў у дазволенай колькасці пілі шампанскае, дарылі нявесце  кветкі. З калідораў і палат несупынна крычалі “горка” і фатаграфавалі маладых з усіх бакоў. Пакуль муж і жонка вярталіся ў палату, пацыенты арганізавалі “рагатку” і, шчодра адораныя пачастункамі,  беглі па палатах тэлефанаваць знаёмым і “вяшчаць з месца падзеі”.

Наталля супакоіла хваляванне ў абдымках мужа, зноў пераапранулася ў бальнічную пацыентку і ўжо ў новым статусе жонкі, у застаўленай букетамі палаце, засталася праходзіць далейшае лячэнне. Шчаслівы Анатолій з усёй працэсіяй паехаў дадому чакаць, калі яго каханая вернецца з бальніцы. Тады яны павянчаюцца і адгуляюць вяселле.

– Лічу, што першая выязная рэгістрацыя шлюбу ў нашым сельвыканкаме  прайшла выдатна, – сказала Валянціна Наско. – Мы на многае гатовы дзеля стварэння моцных, шчаслівых і здаровых сем’яў, – акцэнтаваўшы перадапошняе слова, заўсміхалася яна.

Таццяна СТАДОЛЬНІК.

НА ЗДЫМКУ: момант абмену кольцамі.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *