Праздновали Докшицкие культработники

Работнік культуры – прафесія асаблівая. Яна прадугледжвае абавязковую наяўнасць таленту і абсалютную адданасць той справе, якую выбраў. У ёй не затрымліваюцца людзі выпадковыя, а сярод тых, хто працуе, вельмі многа асоб адораных, вясёлых, жыццярадасных, якія ўмеюць ствараць людзям свята.

Пра тое, чым жыве зараз культурная галіна раёна, наша інтэрв’ю з начальнікам аддзела культуры райвыканкама Інгай Журомскай.

– Інга Мечыславаўна, яшчэ памятаецца час, калі загадчыка клуба, асабліва ў сельскай мясцовасці, называлі “ключнік-замочнік”, маючы на ўвазе, што галоўная яго справа – гэта толькі адкрываць клуб на час танцаў. Гэтым як бы падкрэслівалі невялікі аб’ём работы культработніка. Якія абавязкі значацца ў арсенале работніка культуры сёння?

– І тады былі, і цяпер ёсць людзі, як, дарэчы, і ў іншых галінах, якія з прахалодай адносяцца да сваіх службовых абавязкаў, нават калі яны і не вялікія. Але, калі браць увогуле, то за апошні дзясятак год кола абавязкаў работнікаў клубаў, бібліятэк, музычных школ і іншых устаноў культуры павялічылася ў некалькі разоў. Для таго, каб выканаць, напрыклад, хаця б той жа план па платных паслугах, спецыялістам трэба прыкласці максімум фантазіі, творчасці, працавітасці. Упор робіцца на арганізацыю розных гурткоў, калектываў, правядзенне масавых мерапрыемстваў. Установы культуры працуюць не ў разнабой як раней, а ў цесным кантакце. Бібліятэка і СДК або клуб на вёсцы – гэта адзіны арганізм, дзейнасць якога накіравана на арганізацыю свят афіцыйнага, народнага, рэлігійнага календара, занятасць насельніцтва ў вольны час, далучэнне людзей да творчасці, прапаганду мастацтва. Не адстаюць дзіцячыя школы мастацтваў, якія адкрываюць у аграгарадках музычныя класы. Вельмі актывізаваў у апошні час работу Бягомльскі музей народнай славы. Змяніў падыход да сваёй дзейнасці раённы Дом рамёстваў. Зараз яго спецыялісты не замыкаюцца, як раней, толькі ў сваіх сценах, а актыўна дапамагаюць у мастацкім афармленні раённых масавых мерапрыемстваў.

Вынікам гэтых агульных намаганняў стала паспяховае выкананне плана платных паслуг, якіх за 9 месяцаў аказана на 362, 2 мільёна рублёў. Працэнт выканання да адпаведнага ўзроўню мінулага года склаў 137,4. Практычна кожная ўстанова культуры можа пахваліцца дзейнасцю аматарскага аб’яднання, куды з задавальненнем ходзяць людзі розных узростаў. Напрыклад, у раённай бібліятэцы ўжо некалькі год паспяхова працуе клуб “Дакшычанка”. Сёлета дзяўчаты рашыліся на арганізацыю яшчэ аднаго, які назвалі “Сустрэча”. Папулярнасцю ў дарослага насельніцтва карыстаюцца аматарскія аб’яднанні  “Жаночыя сакрэты” (Гарадзішчанская бібліятэка), “Дабрадзея” (Станіслаўская бібліятэка), “Вечарок” (Янкаўская бібліятэка) “Талака” (Бягомльская гарпасялковая бібліятэка), “Мудрасць” (Крулеўшчынская бібліятэка). Заявіў пра сябе клуб нацыянальнай кухні і гульні “Шчадроўка”, якім кіруе Вольга Пракаповіч (здымак 1).  

Адметным момантам у дзейнасці клубаў і СДК сёлета стала арганізацыя канцэртных калектываў. З’явілася вельмі цікавая змешаная вакальная група “Чабарок” у Барсуках. На новы, намнога больш высокі выканаўчы ўзровень выйшла вакальнае майстэрства калектыву “Весялуха” з Гняздзілаўскага СДК (здымак 2), пасля таго, як з ім стала працаваць матушка мясцовага праваслаўнага прыхода Таццяна Кушнярэвіч. Актыўна гастраліруе канцэртны калектыў “Дубравушка” Сітцаўскага СДК. Можна пазайздросціць энтузіязму самадзейных артыстаў  з Пруднік, якіх Вольга Сідзіна аб’яднала ў калектыў “Жаночае лета”.

Асобна трэба сказаць пра дзейнасць Бягомльскага ГДК. Нарэшце тут з’явіўся работнік, які, мяркуючы па-усяму, здолее вярнуць былую славу гэтаму культурнаму цэнтру Бягомльшчыны. Вольга Кругляніна “гарыць” на рабоце, да яе пайшлі людзі. Нядаўна створаная ў ГЦК канцэртная брыгада, ужо пачала выязджаць з канцэртамі.

– Якімі творчымі здабыткамі  па-за раённага ўзроўню можаце ганарыцца сёлета?

– Другое месца з абласнога конкурсу прывёз тэатр гульні “Балагуры”, якім кіруе Крысціна Гмырак. Дыпламантамі свята паэзіі ў Ляўках сталі драмгурткоўцы з Параф’янава. З абласнога фальклорнага свята прывезлі дыпломы 2-й і 3-й ступеняў фальклорныя калектывы “Сакавічка” (Бягомльская ДШМ) (здымак 3) і “Вясёлка” (Гарадзішчанскі СДК). Лаўрэатам 1-й прэміі на свяце народных талентаў у Паставах “Іграй гармонік” стаў Іван Курдзека, прыпевачніца Марыя Гамановіч прывезла 3-ю прэмію. Сем дыпломаў узялі нашы культработнікі на абласным экалагічным свяце “Квітней, мая зямля”. Лепшымі сталі на міжнародным свяце “Дубровенскія галасы” ансамбль “Вярба” і салістка Алеся Палякова.

Як заўсёды, са стосам дыпломаў вярнуўся з абласнога фестывалю тэатральнага мастацтва народны тэатр. У абласным конкурсе была адзначана дзейнасць Станіслаўскай сельскай бібліятэкі.

– Мяркуючы па перамогах, сваё прафесійнае свята работнікі культуры адзначаюць з добрым настроем?

– Безумоўна. Сваім вялікім калектывам мы яго адзначылі ў пятніцу ў кінаканцэртнай зале “Іскра”. Атрымалася вельмі добра, бо весяліцца работнікі культуры ўмеюць, а сёння і заўтра маім калегам ёсць магчымасць сабрацца ў сямейным і сяброўскім колах. Я ж, карыстаючыся магчымасцю, хачу яшчэ раз павіншаваць усіх работнікаў культуры, у тым ліку ветэранаў, удзельнікаў мастацкай самадзейнасці са святам і сказаць  вялікі дзякуй за іх творчасць, адданасць справе, жыццястойкасць і безжурботны характар. Асобна хачу адзначыць усіх тых, хто прымаў удзел у выездах на святы ў Віцебск, Полацк, Глыбокае. Гэта гукарэжысёр Ігар Ткачоў, гаспадарчая група аддзела культуры, удзельнікі калектываў “Раніца”, “Вярба”, “Прызбачка”, “Землякі”, “Калейдаскоп”, раённага Дома рамёстваў. Людзі працавалі па некалькі дзён і не ў лепшых умовах, але з гонарам прадставілі наш раён на гэтых адказных форумах. Дзякуй усім!

Гутарыла Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *