45 юношей из Докшицкого района отправятся в армию в ноябре

Да канца лістапада рады Узброеных сіл і іншых сілавых структур папоўняць 45 юнакоў нашага раёна. Служыць адправяцца толькі лепшыя як па стану здароўя, так і па маральных якасцях.

9 лістапада ў раённым ваенным камісарыяце адбыўся Дзень прызыўніка. Перад будучымі салдатамі выступілі начальнік групы прызыву РВК маёр Дзмітрый Кажамячонак, які нагадаў хлопцам пра важнасць службы ў арміі, і ветэран Вялікай Айчыннай вайны Міхаіл Аляксандравіч Гічанскі. Міхаіл Аляксандравіч расказаў будучым салдатам гісторыю свайго нялёгкага жыцця, успомніў складаныя ваенныя і пасляваенныя гады, а таксама пажадаў дастойна адслужыць і вярнуцца дадому здаровымі і больш мужнымі.

Нашы землякі будуць служыць ва ўнутраных, пагранічных, дэсантных, артылерыйскіх войсках і міліцэйскім спецназе. Большасць прызыўнікоў, канечне, жадае служыць у рэзерве (без адрыву ад працоўнай дзейнасці), але туды бяруць не ўсіх. З нашага раёна такую “пуцёўку” атрымалі толькі пяцёра. Сярод іх тыя прызыўнікі, якія маюць сем’і і дзяцей, а таксама патрэбныя раёну кваліфікаваныя спецыялісты.

Як гэта ні сумна, у апошнія часы служба ў арміі сярод моладзі стала не такой прэстыжнай, як гэта было гадоў дваццаць таму. На прасторах Інтэрнэта зараз можна знайсці каля дзясятка спосабаў “закасіць”. Але на наша пытанне: “Хлопцы, хто сапраўды хоча служыць?” – усе прызыўнікі гучна адказалі: “Я!”. І чуць гэта было вельмі прыемна.

Яўген Азёмка, Іван Курбан і Ігар Кляўзер (на здымку злева направа) будуць служыць тэрмінова ва ўнутраных і пагранічных войсках. Як яны самі сцвярджаюць, ім не шкада аддаць Радзіме паўтара года свайго жыцця. Хлопцы лічаць гэта сваім ганаровым абавязакам.

– Служыць хачу, хаця іду ў армію без асаблівай радасці, бо дома застаецца жонка. Сумаваць вельмі буду, – падзяліўся з намі прызыўнік, жыхар в. Заляддзе Бягомльскага пассавета Яўген Азёмка. – Хаця разумею, што служба – гэта школа, як мужнасці, так і дысцыплінаванасці. Вернемся сапраўднымі мужыкамі.

– А не шкада будзе развітвацца з мабільнымі тэлефонамі і камп’ютарамі? – пытаюся ў хлопцаў.

– Не-е, хоць адпачнём ад іх. Тым больш, што паўтара года не такі вялікі тэрмін, – упэўнена адказваюць яны. – Шкада толькі развітвацца з бацькамі і любімымі дзяўчатамі.

У добры шлях, будучыя абаронцы Айчыны!

Таццяна ШУЛЬГАТ.

Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *