Представительство Белгосстраха по Докшицкому району надёжно защищает граждан


Асноўнай задачай дзейнасці Белдзяржстраху з’яўляецца правядзенне дзяржаўнай палітыкі, якая накіравана на забеспячэнне страхавой абароны інтарэсаў грамадзян і арганізацый, эканамічных інтарэсаў дзяржавы ад парушальнага ўздзеяння стыхійных сіл прыроды, ад катастроф, няшчасных выпадкаў і розных непрадбачаных сітуацый за кошт страхавых рэзерваў, якія фарміруюцца з заплачаных страхавых узносаў.

Для выканання пастаўленых задач у Докшыцкім прадстаўніцтве Белдзяржстраху працуе 31 чалавек. Большую частку з іх складаюць страхавыя агенты. Сем агентаў абслугоўваюць сельскія ўчасткі, а 15 – змешаныя, а гэта і горад, і гарадскі пасёлак. У сярэднім на аднаго агента прыпадае 325 домаўладанняў, 491 сям’я, 151 адзінка транспарту, 113 жывёлін.  Страхавыя агенты на тэрыторыі раёна заключаюць дагаворы па абавязковых і добраахвотных відах страхавання, збіраюць страхавыя ўзносы па абавязковым страхаванні пабудоў. Пры няшчасных выпадках спецыялісты налічваюць сумы кампенсацый і выплачваюць іх пацярпелым.

Па словах вядучага эканаміста Жанны Курыляк, у бягучым годзе было зроблена 1338 выплат на суму 1 мільярд 825 мільёнаў 883 тысячы рублёў, а гэта 42, 5 працэнта ад усіх паступленняў. Найбольшая сума прыпадае на выплату за збудаванні. Згодна з добраахвотным і абавязковым відамі страхавання, на гэтыя мэты было зрасходавана 259,5 мільёна рублёў.

За страты дамашняй маёмасці прадстаўніцтвам было зроблена 26 выплат на суму 67,5 мільёна рублёў, добраахвотнага страхавання транспарту, – адпаведна, 41 выплата і 75,4 мільёна рублёў, за жывёлу – 48 выплат і каля 200 мільёнаў рублёў і г.д.

– Галоўная мэта, якая стаіць перад супрацоўнікамі Белдзяржстраху, — падкрэслівае дырэктар прадстаўніцтва Белдзяржстраху па Докшыцкім раёне В.М. Жакаўка, – гэта ўзнаўленне дзеючых дагавораў асабістага і маёмаснага страхавання, якаснае выкананне плана паступлення страхавых плацяжоў і заданняў па выкананні дагавораў, якія забяспечваюць надзейную страхавую абарону насельніцтва. Мы імкнёмся забяспечыць максімум зручнасцей для страхавальніка, высокі ўзровень культуры абслугоўвання насельніцтва і даём магчымасць з дапамогай страхавога агента задаволіць увесь попыт грамадзян.

Складана вызначыць лепшых сярод агентаў. Усе  працуюць на высокім прафесійным узроўні. Не адзін дзясятак гадоў  нясуць людзям страхавую абарону І.І. Кручок і С.В. Сіўко. Больш чым дзесяць гадоў працуюць у прадстаўніцтве Белдзяржстраха У.С. Дземідовіч, З.В. Паплёўка, А.С. Юхнавец, Л.У. Рабец, Л.С. Крук, Н.К. Бабіч, З.Ц. Дранковіч, М.У. Асіповіч. Меншы стаж работы маюць, але не менш адказна працуюць Г.І. Каляга, Г.К. Жарына, Л.В. Слізень, А.У. Самсонава, В.П. Маскалёнак, В.М. Палачаніна, В.І. Юшко, К.Л. Юнцэвіч, Т.У. Каросцік, Н.А. Цыялкоўская, Н.І. Зямчонак, Т.К. Вайцяховіч.

Няхай жа для ўсяго дружнага калектыву страхавых работнікаў устойлівай будзе работа,  кліенты – надзейнымі, здароўе – моцным, а жыццё – шчаслівым.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *