Надежда и опора Березинского края в Докшицком районе

Фермер Васіль Мацкевіч з Беразіно – з’ява прыкметная ў аграрным жыцці раёна. За сваю работу ён сёлета атрымаў удзячнасць ад райвыканкама да Дня работнікаў аграпрамысловага комплексу. Асноўны кірунак дзейнасці яго гаспадаркі – жывёлагадоўля. Раслінаводства развіта ў той ступені, у якой яно патрэбна для забеспячэння гэтай галіны кармамі. Фермер дае пастаянную работу 5 вяскоўцам, аказвае дапамогу сельскаму Савету ў вырашэнні многіх жыццёва важных пытанняў рэгіёна.

Пачатак

– Васіль для нашай гаротнай бярэзінскай зямлі, як зярнятка, якое, магчыма, дасць усходы цэламу полю добрай збажыны,  – так вобразна сказала пра дзейнасць Мацкевіча адна з бярэзінскіх жанчын і дадала. – Магчыма ён сваім прыкладам верне нашых людзей да сялянскай працы, дзякуючы якой чалавек ніколі не будзе галодным.

Дзяды і прадзеды Васіля Аляксандравіча –  земляробы, бацькі працавалі на ферме і ўсе былі рабацягамі, якія адметна рабілі сваю штодзённую сялянскую справу. Гэта быў іх звыклы вобраз жыцця. Вялікага багацця Аляксандр і Кацярына Мацкевічы не нажылі, але пяцярых дзяцей паставілі на ногі. Васіль сярод братоў, быццам бы, нічым адметным не вылучаўся. Закончыў школу, адслужыў армію, працаваў вадзіцелем, жывёлаводам на ферме. А потым сцежка яго жыцця раптам скрывела, і прычынай таму стала няўдачная жаніцьба. Сёння пра той час нагадваюць толькі чацвёра дзяцей, якіх гадаваць былой жонцы Васіль Аляксандравіч не даверыў.

Першае, што зрабіў мужык, які нягледзячы ні на што, адчуваў адказнасць за сваю сям’ю, пачаў будаваць дом. Бацькоўская хата была невялікай, а Васіль, калі яшчэ быў малым, уяўляў, што жыве ў вялікім, прасторным доме. Зараз на яго фермерскай сялібе ёсць усё: дамы, хлявы, склады, гаражы. Але той першы дом стаў тым выхадным пунктам, пасля будаўніцтва якога мужчына адчуў сябе гаспадаром. Таму, калі адбылося  расфарміраванне сельгасгаспадаркі, Мацкевіч не разгубіўся, як некаторыя, і вырашыў працаваць на сябе. Бацька Аляксандр Фёдаравіч горача падтрымаў сына. Набылі першы трактар МТЗ-80. Пачынаў будучы фермер з нарыхтоўкі і продажу насельніцтву дроў. У яго асабістай гаспадарцы на гэты час ужо былі дзве каровы і два кані. Для іх утрымання ўзялі больш зямлі і так пакрысе сталі развівацца. Адбыліся станоўчыя перамены і ў асабістым жыцці Васіля Аляксандравіча. Пасля нягод і бед побач з ім аказалася каханая жанчына, яго першы сябра і аднадумца на сённяшні час.

Ужо з Жаннай станавіліся на ногі без крэдытаў і дапамог. Зараблялі самі, дапамагаў пенсіяй бацька Васіля, прадалі ў Гарадзішчы дом бацькоў Жанны. У 2005 годзе дакументальна аформілі фермерскую гаспадарку.

Дзень сённяшні 

Будаўніцтва, што разгарнулася на сялібе Мацкевічаў, павелічэнне машынна-трактарнага парку, зямельнага надзелу, вельмі не ў нос стала некаторым людзям, у якіх поспех суседа звычайна выклікае толькі адно пачуцце: зайздрасць. Не, каб узяцца самім, ды “пераплюнуць” Мацкевіча, дык яны сталі пісаць скаргі ва ўсе інстанцыі, абвінавачваючы фермера ва ўсіх смяротных грахах. Правяраючая з аблвыканкама прыехала ў Беразіно ў суправаджэнні міліцыі, але аказалася жанчынай разумнай і талковай. Вельмі хутка разабралася ва ўсіх хітрыках мясцовай палітыкі і дапамагла фермеру ўзяць крэдыт, паспрыяла з набыццём трактара па лізінгу. Да сённяшняга ёй вельмі ўдзячны Мацкевічы, як і старшыні райвыканкама А. Л. Пінчуку, дырэктару ААТ “Докшыцкі райаграсэрвіс” М.І. Шульгату, дырэктару СГФ “Бягомльскі” А.М. Бальшунову. Без іх дапамогі цяжка было б устаяць на нагах, лічыць Васіль Аляксандравіч.

“Стаяць на нагах” ёсць чаму. У дыхтоўных хлявах гадуюцца, набіраюць вагу 140 галоў свіней і 70 галоў буйной рагатай жывёлы, у тым ліку 25 кароў. Летась прадалі 10 цэнтнераў мяса, каля 50 галоў маладняку. Едуць за гэтым таварам з Лепеля, Мінска, Полацку. Паехалі бярэзінскія парсючкі ды свінкі нават да расійскага фермера пад Санкт-Пецярбург. Ад дойнага статка здалі 654 цэнтнеры малака тлустасцю 3,6. Гаспадыня-фермерша сама робіць смятану, масла, якое з задавальненнем купляюць мясцовыя жыхары. Мацкевічы апрацоўваюць больш за 150 гектараў зямлі. Сеюць зерневыя, якіх летась атрымалі па 33 цэнтнеры з гектара, намалаціўшы 160 тон. Урадзіла і гародніна: прадалі 3 тоны морквы, 5,5 тоны капусты, крыху менш цыбулі і буракоў, некалькі тон нетаварнай скармілі жывёле. Прадукцыя ўся экалагічна чыстая, бо для яе падкормкі выкарыстоўваецца толькі арганіка.

Гаспадарку абслугоўваюць 6 трактароў, аўтамабіль “ЗІЛ-130”, камбайн, 2 аўтагрэйдзеры, 2 легкавушкі. Нядаўна набылі малакавоз. Сваё малако фермер хоча сам здаваць на малаказавод, так надзейней. Упраўляцца з тэхнікай і жывёлай дапамагаюць наёмныя работнікі і родны брат  Сяргей. Дарэчы, ён у свой час таксама дапамог старэйшаму грашамі, калі трэба было набываць аўтамабіль. Вельмі задаволены Васіль Аляксандравіч сваім памочнікам Андрэем Храмёнкам.

– Каб яшчэ са тры такія рупліўцы і я б гора не ведаў, а то пакуль што спадзявацца магу толькі на сябе і жонку. Нашы мужычкі больш любяць зазіраць у чарку, чым браць вілы ў рукі. Гэта я для карэспандэнтаў апрануў дублёнку ды выхадную шапку, а так мая звыклая вопратка – рабочы камбінезон, – гаворыць фермер.

Спадзяецца на дачку Наталлю, якая вучыцца ў ветакадэміі і, здаецца, бачыць сябе ў будучым фермершай. Ужо не раз даказвала, што любіць зямлю, умее працаваць і, галоўнае, арганізоўваць работу. Пакуль бацька некалькі тыдняў знаходзіўся ў бальніцы, яна не горш за яго кіравала гаспадаркай. Шкадуе, што ніхто з сыноў пакуль што не жадае па-сапраўднаму заняцца той справай, без якой ён ужо не ўяўляе свайго жыцця. Часта вечарам здаецца, што працуе на знос, але наступае раніца, узыходзіць сонца і зноў з’яўляюцца сілы.

Мацкевіч плануе і надалей расшыраць гаспадарку, павялічыць зямельны надзел, адкрыць яшчэ якую-небудзь вытворчасць.

Апякун духоўнасці і прыгажосці

Як фермер і, наогул, прыватнік, які мае сваю справу, Мацкевіч вельмі вылучаецца на фоне  свайго асяродку. Зарабляючы рубель цяжкай фізічнай працай, ён тым не менш не трасецца над ім, калі размова ідзе пра тое, каб дапамагчы зрабіць добрую, Богам пажаданую  справу. Ён марыць, каб яго Беразіно стала больш прыгожым, чыстым, добраўпарадкаваным, каб да яго людзей вярнулася вера, а з ёю і духоўнае адраджэнне. Сам ён вырас атэістам, але падсвядома вера ў ім жыла. Гэта, пэўна, гены бабулі Дуні, якая пасля таго, як разбурылі царкву, малілася па нябожчыках, прасіла Бога за ўсіх людзей, давалі пра сябе знаць. Гэта добрая жанчына першай прыходзіла на дапамогу, калі ў каго здаралася бяда. Унук яе дастойны. Па словах старшыні сельвыканкама Валянціны Кургей, Васіль Мацкевіч – першы яе памочнік ва ўсіх справах. Ён дапамагае добраўпарадкаваць могілкі, абкошвае пустэчы ў вёсцы, разворвае зямельныя ўчасткі ад апрацоўкі якіх адмовіліся гаспадары. Зімой расчышчае вуліцы. Частку вуліцы Бягомльскай крыху раней абгарадзіў драўляным плотам, зараз насупраць свайго дома заменьвае яго жалезабетоннай агароджай. Плануе на гэтым адрэзку пакласці тратуар.
Асабліва вялікі ўклад унёс у будаўніцтва мясцовага праваслаўнага храма. За яго сродкі накрыты дах,  набыты купалы, пастаўлена агароджа, зроблены прыступкі, абсталяваны пляцоўкі для стаянкі аўтатранспарту. Ён жа замяніў крыж на ўездзе ў вёску. Высек кустоўе, добраўпарадкаваў тэрыторыю, паставіў агароджу вакол помніка загінуўшым у Вялікую Айчынную вайну аднавяскоўцам. Поўнае ўзаемаразуменне ў фермера са школай, мясцовай бальніцай. Аднавяскоўцы ідуць да яго з горам і радасцю, і ніколі ён нікому не адмовіў у дапамозе.

– Душа баліць за мой маляўнічы край, – гаворыць Васіль Аляксандравіч. – Так хочацца, каб ён жыў і квітнеў. Я для гэтага буду старацца зрабіць усё, што ад мяне залежыць, хацелася б, каб людзі падтрымалі.

Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.

НА ЗДЫМКАХ: 1. Муж і жонка Мацкевічы. 2. Сытна жывецца парасяткам у фермерскім хляве. 3. Андрэй Храмёнак вызваляе вясковую вуліцу ад снегу.

Фота В. Чарвінскага.  

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *