Лучший главный инженер Докшицкого района работает в СХП «Бегомльский»

Такую адзнаку па выніках 2012 года заслужыў галоўны інжынер СГФ “Бягомльскі” ААТ “Віцебскдрэў” Аляксандр Парфяновіч (на здымку). У сельгаспрадпрыемстве хлопец працуе 6 гадоў. Чатыры з іх узначальвае інжынерную службу.

– Я, як і большасць хлопцаў, з дзяцінства захапляўся тэхнікай, – расказвае Аляксандр. – Імкнуўся сесці за штурвал трактара, пакруціць руль бацькавай машыны: ён – вадзіцель. А таму, калі надышоў час выбіраць жыццёвы шлях, паступіў у Лепельскі аграрна-тэхнічны каледж. Там атрымаў спецыяльнасць тэхніка-механіка і быў залічаны ў штат сельгасфіліяла на адпрацоўку. Год быў вадзіцелем. Затым столькі ж часу – механікам. А пайшоў на пенсію галоўны інжынер Дзербан, і яго пасада дасталася мне. Вельмі ўдзячны Анатолю Мікалаевічу за падтрымку і падказкі. Напачатку часта звяртаўся да яго за парадай. Ён шчыра дапамагаў, прапаноўвае свае паслугі і цяпер.

Зараз, калі пачаўся новы год, а значыць, не за гарамі і пасяўная, у сельгаспрадпрыемствах у напружаным рытме вядзецца рамонт тэхнікі. Недахоп грашовых сродкаў адчуваецца амаль паўсюдна. Аднак, каб падрыхтаваць плугі, бароны, культыватары, не заўсёды яны патрэбны. Галоўнае – арганізаваць працэс. Многае можна зрабіць сваімі рукамі, паставіць на лінейку гатоўнасці ўжо адладжаныя машыны і агрэгаты. Да прыкладу ў “Бягомльскім” ужо адрамантавана 5 плугоў: адзін васьмікорпусны і 4 – чатырохкорпусныя. На лінейцы гатоўнасці стаяць 3 раскідвальнікі мінеральных угнаенняў і 3 – арганічных. Сёння гатовы да работы “АПП-6Д”, які атрымалі ў філіяле мінулай восенню. А вось з пасяўным агрэгатам “Лемкен” давядзецца паваждацца. Ён у раёне старажыл, а таму патрабуецца замена апорнага катка. Кошт яго вялікі – да 20 мільёнаў рублёў даходзіць. Паколькі грошай у таварыстве не хапае, мабыць, будуць яго цэнтраваць на месцы.

У галоўнага інжынера спраў і галаўнога болю хапае круглы год. Канечне, зімні перыяд з вясенне-асеннім не параўнаеш, але сядзець склаўшы рукі ніколі не даводзіцца. У гаспадарцы няма механіка, які мог бы часова замяніць Мікалаевіча, як называюць яго 13 падначаленых механізатараў і чацвёра вадзіцеляў, калі той едзе за запчасткамі ці па іншых вытворчых патрэбах, а таксама на час сесій, бо завочна вышэйшую адукацыю атрымлівае. Сёлета заканчвае сваю вучобу ў БАТУ. Што будзе далей, час пакажа. Хаця работа хлопцу тут падабаецца, утрымлівае прывычка і месца жыхарства. Ёсць добры кантакт з кіраўніцтвам філіяла.  Толькі хацелася б, каб будавалася ў гарпасёлку жыллё для маладых сем’яў, каб на вытворчасці працавала больш маладых людзей, а ў час пасяўной і ўборачнай кампаній былі выхадныя.

Аляксандр бачыць  будучае ў сельгасвытворчасці, ведае кошт і значнасць хлеба, а таму верыцца, што застанецца працаваць тут надоўга.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.

Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *