У Сергея Гмырака большой опыт в механизаторском деле

5   Вялікі і магутны трактар германскай вытворчасці “Фэндт” мае толькі адно сельгаспрадпрыемства раёна – ААТ “Таргуны”. Набылі яго 9 гадоў таму. Канечне, грошы заплацілі вялікія, але не пашкадавалі: тэхніка надзейна выпрацоўвае свой ліміт. Помніцца адзін год, калі сапсавалася махіна і стаяла нейкі час на полі, пакуль не прыехалі прадстаўнікі завода і не ўстаранілі паломку. Чаканне было балючым, адчуванне бездапаможнасці – таксама. Але так было толькі аднойчы. Хаця рамантаваць, мяняць зношаныя запчасткі даводзілася. У мінулым годзе “паляцела” шаравая апора. Каб замяніць яе, пастаўшчыкі налічылі аж 300 мільёнаў рублёў! Такая сума і для ААТ “Таргуны” вялікая. Паразважаўшы, механізатар, за якім замацаваны трактар, вырашыў справіцца з задачай сам.
Сяргей Гмырак мае вялікі вопыт у механізатарскай справе. Праўда, на “Фэндт” сеў чатыры гады таму. Канечне, напачатку давялося “пагуляць” з трактарам, разабрацца ў яго механізме. Чытаў інструкцыю, правілы эксплуатацыі, прычыны паломак і шляхі іх устаранення. Але найбольшую карысць, сцвярджае, атрымаў ад таго, што перабраў рукамі жалезнага волата сам, пачысціў дэталі і механізмы, пакруціў балты ды гайкі. Вось таму без страху, упэўнена ўзяўся за складаны рамонт: замену шаравай апоры. Практычна за месяц рухавік махіны зноў весела заспяваў, закруціліся рамяні, шківы, карданныя валы… Трактар узнавіў сілу, стаў прыгодным для работы ў полі. А дастаецца яму больш, чым іншай тэхніцы. І гэта зразумела: ёсць магутнасць – чакаюць і аддачу.
Неаднойчы выходзіў Сяргей Гмырак у лідары раённага спаборніцтва на сяўбе. Яго прозвішча з’яўляецца на Дошцы гонару, што размешчана на старонках раённай газеты, з году ў год. Іншы раз пры падвядзенні вынікаў не за адну пяцідзёнку. Малады, ды спраўны, кажуць пра яго ў таварыстве. Давяраюць адказныя работы, адзначаюць высокую якасць зробленага. А ён па-іншаму і не можа працаваць. Хлопец вясковы, кошт хлебу ведае, да працы прывучаны з дзяцінства, у адказнасці за сям’ю. Яго працоўны дзень вымяраецца не гадзінамі, а гектарамі: працуе да той пары, пакуль не трэба ўключыць фары. Стомы не адчувае, бо фізічна загартаваны. Ды і на паслабленне часу не хапае: за пасяўной наступае корманарыхтоўка, а там – і жніво. На камбайне, дарэчы, Гмырак у адстаючых не бывае, а зноў ідзе ў ліку пераможцаў.
Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
Фота аўтара.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *