Общий стаж трудовой династии в Бегомльской горпеселковой библиотеке им. П. Панченко насчитывает 80 лет

Загадчык бібліятэкі Вольга Батура і бібліятэкар Надзея Піменава.
Агульны стаж дачкі і маці складае больш за 80 гадоў.
“Кніга – самы каштоўны скарб чалавецтва”, – сцвярджаюць маці і дачка Надзея Піменава і Вольга Батура, якія на працягу некалькіх дзесяцігоддзяў працуюць у Бягомльскай гарпасялковай бібліятэцы. За іх плячыма багаты прафесійны вопыт. Сваю дзейнасць яны называюць не проста работай. Гэта мара, якая з дзіцячага захаплення ўвасобілася ў жыццё.
Надзея Піменава родам з Гомельскай вобласці. Вялікая цікавасць да вучобы прывяла яе яшчэ вучаніцай пачатковых класаў у школьную бібліятэку, у якой яна заседжвалася за любімымі кніжкамі, а калі-нікалі і з задавальненнем дапамагала ў рабоце тамтэйшым бібліятэкарам. Так пасля заканчэння дзесяцігодкі і засталася працаваць у школе на восем гадоў.
– На Бягомльшчыну прывяло сяброўства, – дзеліцца ўспамінамі Надзея Сяргееўна. – У Ваўчы жыла сяброўка, якая заўсёды цёпла расказвала пра свой родны край і запрашала ў госці. А я прыехала – і засталася. Уладкавалася бібліятэкарам у Бераснёўку. У 1991 годзе перайшла ў Бягомльскую дзіцячую бібліятэку. Дарэчы, дзве бібліятэкі, дзіцячая і дарослая, былі ў Бягомлі да 1995 года.
Іх аб’ядналі ў адну і пастановай Кабінета міністраў прысвоілі званне Бягомльскай гарпасялковай імя Пімена Панчанкі, які ў дзіцячыя гады жыў і вучыўся ў гарпасёлку. Так Бягомльшчына стала маёй другой радзімай. Тут выйшла замуж, нарадзіла дачку і сына. Вольга з малых гадоў была заўсёды побач. У Бераснёўцы не было дзіцячага сада, таму з маленства яна была са мной у бібліятэцы, гадавалася сярод кніжных паліц і чытацкіх фармуляраў.
– Вельмі любіла, калі мама брала мяне з сабой на работу, – далучаецца да размовы Вольга. – Спачатку ў захапленні разглядвала карцінкі ў кніжках. Вучылася чытаць. А потым ужо не магла адарвацца ад сур’ёзнай мастацкай літаратуры. Здаецца, і сёння памятаю той пах новых выданняў, падручнікаў, часопісаў. Нават не ўяўляю сябе ў іншай прафесіі! А яшчэ нам вельмі пашчасціла з калектывам. Той, хто прыходзіў сюды працаваць на кароткі час, станавіўся блізкім і верным таварышам. Напрыклад, з Аленай Чучман мы ўвогуле як адна бібліятэкарская сям’я. Пачыналі тут працаваць разам і за трыццаць гадоў навучыліся разумець адна адну з паўслова. Вопытны работнік і Таццяна Аўласевіч, з якой любая справа спорыцца. Моцную падтрымку адчуваем ад маёй матулі. Вось так учацвярых працягваем далучаць грамадства да чытання і вучыць падрастаючае пакаленне шанаваць і любіць кнігу.
На сённяшні дзень у зоне абслугоўвання Бягомльскай гарпасялковай бібліятэкі імя П. Панчанкі, акрамя гарпасёлка, яшчэ восем населеных пунктаў. Кніжны фонд налічвае каля 30 тысяч кніг і перыядычных выданняў. Пры бібліятэцы працуе клуб па інта-
рэсах для дарослых “Талака”. У 2020 годзе ўстанова культуры стала лаўрэатам прэміі Віцебскага абласнога выканаўчага камітэта ў намінацыі “Лепшая сельская бібліятэка”. Таксама ў гэтым жа годзе калектыў быў узнагароджаны граматай аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама за актыўную прапаганду кнігі і чытання. Дыпломам за трэцяе месца адзначана ў абласным этапе рэспубліканскага конкурсу “Бібліятэка – асяродак нацыянальнай культуры”. З 2004 года бібліятэка працуе па мэтавай патрыятычнай праграме “Посвет памяці нашай”, у межах якой рэалізуецца праект “Захоўваючы памяць”. Акрамя таго, дзейнічае праект “Гісторыя ў камяні”: арганізоўваюцца пешыя экскурсіі па славутасцях Бягомльскага краю. З 2023 года на базе ўстановы працуе група нядзельнай школы прыхода храма Усіх Святых. Установа актыўна ўдзельнічае ў міжнародных конкурсах і праектах. Сёлета бібліятэка стала пераможцай міжнароднага адкрытага грантавага конкурсу “Праваслаўная ініцыятыва”, што дало падставу для рэалізацыі праекта “Духоўнай мудрасці ключы”.
