Из Москвы в Свято-Покровскую церковь Докшиц прибыла икона Преподобной Матроны
На гэтым тыдні ў жыцці праваслаўных вернікаў нашага раёна адбылася значная падзея. З Масквы ў Свята-Пакроўскую царкву прыбыла ікона Прападобнай Матроны. З гэтай нагоды тут адбыўся ўдзячны малебен.
Блажэнная Матрона была праваслаўным чалавекам у глыбокім сэнсе гэтага слова. Спачуванне да людзей, якое ішло ад яе сэрца, малітва, вернасць святым статутам Праваслаўнай Царквы — вось што было цэнтрам яе напружанага духоўнага жыцця. Дапамога, якую людзі атрымліваюць і сёння ад гэтай святой, звяртаючыся да яе, прыносіць духоўны плён: людзі далучаюцца да праваслаўнай веры, да паўсядзённай малітвы.
Матрону ведаюць дзясяткі тысяч праваслаўных людзей. Матронушка — так ласкава называюць яе многія і шчыра звяртаюцца з просьбамі, а яна, як і пры зямным сваім жыцці, дапамагае людзям і цяпер. Гэта адчуваюць усе тыя, хто з вераю і любоўю просіць яе аб заступніцтве перад Богам.
Пакланіцца Прападобнай Матроне ў Свята-Пакроўскую царкву спяшаліся многія дакшычане, сярод іх была і Соф’я Кішэня. Пра тое, што святая сапраўды дапамагае людзям, жанчына ўпэўнілася, як кажуць, на асабістым вопыце гадоў восем таму.
— Здарыўся са мной такі выпадак, — расказвае жанчына. — Я разам з дачкой ездзіла ў Іванава да сына. Квіткі на цягнік былі куплены, а вось пашпарт застаўся дома. Пагасціўшы, прыйшоў час вяртацца дадому. Пры пасадцы правадніца папрасіла прад’явіць дакумент. Пачуўшы ў адказ маё “яго я забылася дома”, яна адправіла мяне да начальніка цягніка. Той таксама, паціскаючы плячыма, нічым не змог дапамагчы. Тут я зусім разгубілася, але раптам успомніла пра Матронушку і, звяртаючыся ў думках да яе, пачала маліцца сваімі словамі, прасіць аб дапамозе. І цуд — просьба мая была пачута. Жанчына-касір, да якой я звярнулася са сваёй праблемай, паглядзела на мяне і паставіла патрэбны штамп без пашпарта. Дзякуючы святой Матроне, мы паспяхова даехалі дамоў. Вельмі прыемна нам, прыхаджанам, што іераманах Ілья зрабіў такі падарунак усім веруючым. Цяпер мы сталі намнога бліжэй да гэтай святой.
Таццяна ПАДБЯРЭЗКАЯ.
Фота А. Канавалавай.