Настоящий знаток аптекарского дела Татьяна Гуц заведует центральной докшицкой аптекой

День Победы Бегомль 042

Аптэкарам у Еўропе сярэднявечча называлі спецыяліста ў галіне лякарстваў. Прафесія была вельмі паважанай і патрэбнай. Ад людзей, якія яе выбіралі, патрабавалася адказнасць, акуратнасць да педантызму, спакойны, ураўнаважаны характар. Яны рыхтавалі лякарствы, якія адначасова маглі стаць і ядам.

Прайшлі стагоддзі. Аптэкараў сталі называць фармацэўтамі, але змена назвы не паўплывала на сутнасць прафесіі. Яна па-ранейшаму стаіць на абароне здароўя людзей. Загадчыца цэнтральнай аптэкі № 95 Таццяна Гуц — яркі прадстаўнік вялікай арміі фармацэўтаў.

Былы загадчык гэтай установы Марыя Іосіфаўна Баравікова, калі даведалася, што яе вучаніца Танечка Рандарэвіч да прафесійнага свята атрымала высокую ўзнагароду “Выдатнік аховы здароўя Рэспублікі Беларусь”, узрадавалася. Яна з самага пачатку была ўпэўнена, што гэта сціплая дзяўчынка зможа дасягнуць прафесійных вяршынь.

Разумная, адукаваная, працавітая і актыўная, Таццяна валодала пачуццём гумару, мела багатую творчую фантазію, умела арганізаваць і павесці за сабой.

Сёння Таццяна Аляксандраўна – госць нашай рубрыкі “Сустрэча з цікавым чалавекам”.

1. Чалавек пачынаецца з сям’і, з малой радзімы. Дзе вашы карані?

– Я – карэнная дакшычанка. Тут яшчэ да вайны жылі мае дзяды і прадзеды з боку таты і мамы: Рандарэвічы і Азямблоўскія. Дзядулі з абодвух бакоў ваявалі, вызвалялі нашу зямлю ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Радуе, што наша вялікая сям’я карэнных докшыцкіх мяшчан на маім пакаленні не заканчваецца. Ёсць сярод сённяшніх гараджан і маладзейшыя яе прадстаўнікі.

2. У нас ва ўсіх ёсць настаўнікі. Хто вёў вас па жыцці?
– Мая цётка Ніна Рандарэвіч, якая першай сярод выпускнікоў Докшыцкай сярэдняй школы атрымала залаты медаль і першая ў раёне стала фармацэўтам. Яшчэ ў 60-ыя гады пабывала ў ЗША і прывезла з гэтай паездкі расказ пра розныя дзівосы, якія да нас прыйшлі толькі ў 90-ыя. Пасля заканчэння Віцебскага медінстытута працавала загадчыцай кантрольна-аналітычнай лабараторыі “Фармацыя”. Яна ўлюбіла мяне ў сваю прафесію і ўвесь час з’яўляецца маім кумірам, як чалавек і жанчына.

За час, калі рабіла першыя прафесійныя крокі, удзячна Марыі Іосіфаўне Баравіковай і Тамары Мікалаеўне Казловай. Яны вучылі, падтрымлівалі, дзяліліся вопытам.

3. Хто вашы блізкія, якіх трэба палюбіць, як самога сябе?

– Мая матуля Леаніда Сцяпанаўна. Я вельмі ўдзячна ёй і тату за шчаслівае дзяцінства, якое яны падарылі мне. Таты ўжо няма, а мама і сёння той чалавек, для якога я ўсё яшчэ маленькая дзяўчынка, пра якую яна вельмі клапоціцца. Гэта дарагога каштуе. Мама і сын Саша – гэта людзі, якіх я люблю больш за сябе і жыву для іх. Не мець такога шчасця, значыць не ведаць, для чаго жыць і працаваць.

4. Ваша прафесійная дзейнасць – гэта…?
– Мая любімая работа. Я выбрала яе свядома і прыклала пэўныя намаганні, каб стаць правізарам. Вучаніцай ездзіла ў Віцебск на заняткі па хіміі і біялогіі да рэпетытараў. У мой час гэта было рэдкасцю. Пасля заканчэння медінстытута працавала два гады ў Горках, але бацькі захацелі, каб вярнулася ў Докшыцы. Я ж заўсёды была паслухмянай дачкой.

У аптэцы № 95 пачынала правізарам-аналітыкам. У 2008 годзе была прызначана загадчыцай. Зараз скажу, што кіраўніком лепш прыходзіць у незнаёмы калектыў, хаця са сваімі калегамі, якія сталі падначаленымі, мы хутка знайшлі агульную мову, і праз год па выніках работы калектыў быў узнагароджаны Ганаровай граматай УП “Фармацыя”, а я – Ганаровай граматай РУП “Белфармацыя”. Потым былі яшчэ ўзнагароды.

Нават за той тэрмін, што працую, работа фармацэўта прыкметна змянілася. Раней мы шмат лякарстваў рыхтавалі непасрэдна ў аптэцы, збіралі лекавыя травы. Зараз выступаем больш як рэалізатары. Знікла само паняцце «дэфіцыт лекаў». Заказ на любы прэпарат мы ў стане выканаць за пяць дзён. Ад фармацэўта патрабуюцца прафесійныя веды, уменне арыентавацца ў вялікай колькасці лекаў, сярод якіх вельмі шмат аналагаў.

Затое ўзнікла праблема дэфіцыту кадраў. На сённяшні дзень ёсць дзве вакансіі ў Докшыцах і адна – у Бягомлі. Чакаем маладых спецыялістаў і спадзяёмся на іх.

5. Вашы захапленні?
– Некалі любіла рыхтаваць розныя стравы па старажытнай кнізе бабуліных рэцэптаў. Зараз “захварэла” басейнам. А ўвесь час люблю мастацтва ў любым яго выяўленні. Не склалася трапіць на сцэну, якую асвоіла яшчэ ў школе, праявіць сябе ў нейкай ступені, як рэжысёр, затое я вельмі ўдзячны глядач. Наведваю ўсе мерапрыемствы, якія праводзяцца ў горадзе.

6. Якія рысы характару чалавека выклікаюць прыхільнасць, якія – адмоўныя пачуцці?
– Люблю працавітых, абавязковых у сваім слове, шчырых людзей. Не прымаю здраду, хлусню.

7. Самы шчаслівы ваш дзень?

– 26 чэрвеня 1987 года, калі атрымала дыплом аб заканчэнні інстытута. Узяла, шчаслівая, у рукі кніжачку, павярнулася, каб спусціцца са сцэны, і бачу… стаяць мае родныя з велізарным букетам мятровых гладыёлусаў. Маё адчуванне шчасця было непамерным. Улічыце, што тады кветкі не прадаваліся на кожным кроку, як зараз. Нават у Віцебску іх трэба было шукаць.

8. Азіраючыся назад, аб чым шкадуеце?
– Што вяла малаактыўны лад жыцця. Не выканала свае дзве вялікія мары: мала падарожнічала і не паспрабавала сябе ў мастацкай самадзейнасці. Вельмі люблю і паважаю тых людзей, хто здолеў гэта зрабіць.

9. Ці актуальна сёння, па вашым меркаванні, выказванне: “Не май сто рублёў, а май сто сяброў”?
– Актуальна, але сяброў трэба выбіраць вельмі асцярожна, каб потым не перажываць расчараванне. У мяне былі сябры, зараз адзін, але гэта абсалютна правераны чалавек. Хаця, лічу, што мне ў жыцці шанцуе на сустрэчы з цікавымі і добрымі людзьмі.

10. Што галоўнае для вас: праца, сям’я, кар’ера, грошы?
– Да ўсяго адношуся ў роўных долях, бо ўсё ўзаемазвязана. Не магу нечаму аддаць перавагу. Прыярытэт аднаму нанясе шкоду іншым.

11. Вашы любімыя аўтар, кніга, музыка, тэлеперадача?

– Вельмі люблю тры тамы “Дзяржаўнай фармакапеі”, з якіх кожны па 600 старонак. Гэта жартам. А калі сур’ёзна, то захапляюся вершамі. З любімых – Марына Цвятаева, Сяргей Ясенін. Музыку слухаю тую, дзе ёсць мелодыя і вершы. Гэта значыць, рэтра. Сярод тэлеперадач перавагу надаю інтэлектуальным тыпу: “Што? Дзе? Калі?”. Цікава, пазнавальна і добрая магчымасць праверыць свой інтэлект і адукаванасць.

Гутарыла
Тамара АЛЬШЭЎСКАЯ.
Фота В. Чарвінскага.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *