Льноводы ОАО «Барсучанка» первыми в Докшицком районе приступили к уборке льна

Здаецца, толькі ўчора слупам стаяў пыл на полі ля фермы ў Барсуках, дзе ішла сяўба паўночнага шоўку, а сёння ўжо частка плошчы высцелена стужкамі льну-даўгунцу. Ён сапраўды вымахаў добры: таўстастволы, высокі. Усходы радавалі агранамічную службу ААТ “Барсучанка”, райсельгасхарчу. А як зацвіў сянявокі, і на ветры закалыхалася блакітнае мора плошчай у 100 гектараў, адвесці вочы ад яго было цяжка. Ды не доўга давялося радавацца. Разгулялася непагадзь, з неба сыпануў град, ды такі буйны, густы! Прайшоў паласой, зачапіўся за барсукоўскае поле, што побач з кальцавой дарогай, якая вядзе з аднаго боку ў Крулеўшчыну, з другога – у Глыбокае. Скруціў-злажыў блакітны лён, прыхлёпаў яго да зямлі. Можна толькі ўявіць, як засмуціліся аграрнікі-вяскоўцы, толькі за галаву браліся спецыялісты. Ды нябесную канцылярыю не падкупіш, неба не падапрэш… Бачна, так трэба было. Як, дарэчы, і выхад знайсці з той сітуацыі, якая склалася.

IMG_1860
Ільнаводы ААТ “Барсучанка” першымі ў раёне прыступілі да цераблення льну. Як гаворыць галоўны аграном акцыянернага таварыства Андрэй Альхімёнак, вызначыць пару ўборкі нескладана.

IMG_1755

Калі падыходзіш да пажоўклага поля, нібы выгарыўшага жоўтага пакрывала, а галоўкі ціхенька хістаюцца, і звіняць, нібы званочкі: звонка, залівіста – выпускай на поле церабілку, не прагадаеш. Калі ў “Барсучанцы” пастаянным сеяльшчыкам ільну з’яўляецца Леанід Жызнеўскі, то цярэбяць яго Васіль Пруднікаў і Анатоль Дук. І хай пакуль гаспадарка не мае найноўшых машын для гэтай тэхнічнай аперацыі, спраўляюцца вопытныя льнаводы і на “ЛК-4”. Паляжаць стужкі пад жнівеньскімі буйнымі росамі, нап’юцца белага густога туману, набудуць належны колер, а значыць, і патрэбныя якасці. Тады прыходзіць чарга пускаць на поле прэспадборшчык “ПРЛ-140” (дзякуй распрацаванай тэхналогіі, якая пазбавіла ручной працы на далікатнай культуры). На гэтым практычна і заканчваецца работа на льнаполі. Было б добра, каб адразу і грошы атрымлівалі за прададзеную льнотрасту.

– Летась у нас лён быў знатны, – гаворыць Альхімёнак, – ішоў на рэалізацыю нумарам 1,25-1,50. Гэта няслаба. Праўда, разлік за яго з Пастаўскага льнозавода не атрымалі да сённяшняга часу. А былі б грошы – была б магчымасць разгарнуць далейшую дзейнасць. Цяпер спадзяёмся рэалізаваць насенне даўгунцу і атрымаць хоць нейкі прыбытак у казну таварыства. Самі ўжо каторы год запар сеем сваім насенным матэрыялам. Прыйшлі да высновы, што на нашых землях амаль аднолькава расце лён французскай і беларускай селекцый. Пралеска – той сорт, які нам падыходзіць.

Нэлі БЯЛЯЎСКАЯ.
НА ЗДЫМКАХ: ільнавод Васіль Пруднікаў; льняныя стужкі ля кальцавой дарогі.
Фота А. Канавалавай.

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *